Італьянскі рэжысёр дае прэм'еру ў Беларусі

14 февраля 2017

Матэа Сп’яцы ставіць спектакль "Карчмарка" на сцэне Тэатра імя Горкага. Вядомая п'еса зведала змены - з'явяцца новыя павароты сюжэту. Пра класіка ў сучаснай апрацоўцы - з рэпетыцыі рэпартаж Іны Пілевіч.

З накладнымі жыватом і гарбом, у трыко і крыналінах. Напалову адзетыя акцёры. Раней інтымны працэс пераадзявання і пераўвасаблення ў персанажаў можна было ўбачыць выключна ў грымёрцы. Закулісныя тайны перайшлі на сцэну ў прэм'ерным спектаклі «Карчмарка» драматычнага тэатра імя Горкага.

Італьянскі рэжысёр прадстаўляе метатэатральную версію пастаноўкі. Гэта значыць не прамая дэманстрацыя сюжэта, а праз пэўныя сцэнічныя вобразы. Гледачы ўбачаць рэпетыцыю спектакля «Карчмарка» ці прасцей - тэатр у тэатры.

Камедыю венецыянскага драматурга Карла Гальдоні перапрацаваў яго зямляк. Матэа Сп'яцы ўвёў новыя павароты ў сюжэт, які налічвае больш за два з паловай стагоддзі. Для маладога італьянскага рэжысёра гэта другая пастаноўка ў Горкаўскім тэатры. "Viva Commedia!" з поспехам ідзе ўжо другі сезон.

Абстаноўка як на рэпетыцыі. Дэкарацыі сабралі з розных спектакляў і фонавае афармленне пакінулі паднятым. Персанажаў адзявалі, абапіраючыся на еўрапейскі касцюм канца шаснаццатага - сямнаццатага стагоддзя.

Сюжэт грунтуецца на прыгодах прывабнай маладой жанчыны, якая атрымала ў спадчыну гасцініцу і кіруе ёю пры дапамозе афіцыянта. Прэм'ера «Карчмаркі» на новы лад – у гэтую суботу.