Італьянскія страсці на сцэне Вялікага

29 апреля 2017

Ужо заўтра найбуйнейшы тэатр краіны дае прэм'еру легендарнай оперы "Сельскі гонар". Твор кампазітара П'етра Масканьі па праве ўваходзіць у залаты сусветны рэпертуар. Спектакль неаднаразова ставіўся на вядучых сцэнах свету, а рэжысёр Фрэнсіс Форд Копала нават уплёў оперу ў свой кінабестселер "Хросны бацька". Мінскія пастаноўшчыкі рыхтуюць на сцэне не менш захапляльную крымінальную драму. З генеральнай рэпетыцыі - Іна Пілевіч.

Вялікі збірае гледачоў на плошчы сіцылійскай вёскі. Спецыяльна для прэм'еры на сцэне найбуйнейшага тэатра краіны рэканструявана італьянскае мястэчка 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта ў гэты перыяд сучаснікі перанеслі дзейства крывавай драмы «Сельскі гонар». На сцэне кіпяць оперныя страсці. Басы і барытоны пераўвасабляюцца ў сіцылійскую мафію і жывуць па законах коза ностра.

Італьянскую оперу ставяць на мове арыгінала. Спектакль працягласцю ўсяго у гадзіну 20 з максімальнай насычанасцю падзей. Сюжэт аднаго дня разгортваецца на Вялікдзень. Гісторыя пра двайную мараль – персанажы накіроўваюцца ў царкву, моляцца, а пасля грашаць. Дарэчы, святочнае богаслужэнне – адна з самых масавых сцэн спектакля. Цалкам задзейнічаны хор Вялікага тэатра.

Прэм'еру «Сельскага гонару» ў Мінску даваў сам аўтар. П'етра Масканьі ў 1903-м сарваў апладысменты ў гарадскім тэатры – сёння больш вядомым як Купалаўскі. Твор італьянца быў такі папулярны ў мінскай публікі, што тады давалі аж 3-ю рэдакцыю.

А вось для Вялікага тэатра Беларусі гэта ужо 4-ы варыянт. Ставіць «Сельскі гонар» галоўны рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ.

Праўда, спадчыну мінулых пастановак часткова захавалі. Два дзясяткі касцюмаў былых спектакляў адрэстаўрыраваны і дапоўнены новымі элементамі.

Партыю Сантуццы ў Мінску выконвала сама сусветная оперная дзіва Алена Абразцова. Тут у 1979-м прыма рыхтавалася да выступлення ў Ла Скала, бо «Сельскага гонару» не было ў маскоўскім рэпертуары. Рэпеціравала нават ноччу, а ў падзяку калектыву перад замежным трыумфам пакінула вось гэтую паштоўку з подпісам: «Маім дарагім калегам».

Дзеля прэм'еры Вялікі тэатр на тыдзень быў закрыты для наведвальнікаў. На галоўнай сцэне ідуць рэпетыцыі. На першым паказе оперы партыі Сантуццы, Турыду і Альфіа выканаюць народныя артысты Беларусі – Шарубіна, Франкоўскі і Пятроў. Дарэчы, на галоўныя ролі зацверджаныя тры саставы.