Гісторыя стварэння кінашэдэўра "Дзікае паляванне караля Стаха"

17 декабря 2015

У айчынных кінематаграфістаў і кінаглядачоў сёння свята. 17 снежня - ужо больш за 20 гадоў афіцыйная дата беларускіх кіношнікаў, а самому нацыянальнаму кіно пераваліла за 90. Пра любую працу нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" можна смела сказаць - здабытак. Але менавіта сёння - у Дзень кіно і ў год 85-годдзя Уладзіміра Караткевіча - гісторыя аднаго шэдэўра. Першага айчыннага кінатрылера, створанага тандэмам класікаў - Караткевіч-Рубінчык. 

"Дзікае паляванне караля Стаха" - апублікаваная ў 60-х аповесць выклікала такі небывалы ажыятаж, што беларускай кінастудыі было дадзена даручэнне з Масквы - стварыць аднайменную кінастужку паводле твора. Курыраваць праект узяўся сам Караткевіч, які да таго часу спецыяльна скончыў кінасцэнарныя курсы. Трапіць у творчую групу стужкі імкнуліся лепшыя аператары, мастакі, грымёры. А сярод акцёраў Савецкага Саюза і зусім пачалася сапраўдная творчая бітва ў жаданні трапіць нават на эпізадычную ролю. 

Што засталося за кадрам легендарнга "Дзікага палявання", якая была яе кінакухня - з журналісцкім расследаваннем Наталля Бардзілоўская.

"Дзікае паляванне караля Стаха" - на тое, каб трапіць у экранізацыю аповесці Уладзіміра Караткевіча, у канцы 70-х разгарнулася сапраўды акцёрскае паляванне. У творчае спаборніцтва - пробы на галоўныя і эпізадычныя ролі - уключыліся зоркі савецкага экрана і тэатраў: МХАТа, "Шчукі", Ленкама. Так, напрыклад, на галоўны жаночы персанаж адначасова прэтэндавалі маладая актрыса Алена Коранева, дыктар Таццяна Ведзянеева і першая прыгажуня савецкага кіно Ірына Алфёрава.

Гаспадыню Балотных Ялін - шляхцянку Надзею Яноўскую - рэжысёр Валерый Рубінчык, як і сам Караткевіч, бачыў не проста вытанчанай і арыстакратычнай. Крыху хваравітай, стомленай, безабароннай.

У архівах "Беларусьфільма" захаваўся цэлы фотаальбом, прысвечаны прыдзірлівым пробам на галоўную жаночую ролю. У тагачасным кастынгу былі і актрысы беларускіх тэатраў. Але ім не шчасціла. Кінавыбар доўжыўся амаль год, а вынік уразіў усіх. Нікому не вядомая балгарка Алена Дзімітрава выйшла ў кадр.

Гавораць, што на выбар балгарскай актрысы Рубінчыкам паўплывала і тагачасная мода: запрашаць у савецкія стужкі артыстак з краін народнай дэмакратыі. Полькі Эва Шыкульска згуляла ў фільме "Зорка чароўнага шчасця" Матыля ці Беата Тышкевіч у "Дваранскім гняздзе" Міхалкова-Канчалоўскага. Зрэшты, у "Дзікім паляванні" жаночых роляў было толькі тры. Адну рэжысёр аддаў жонцы.

Валянціна Шэндрыкава-Рубінчык у "Паляванні" ўвасобіла містыку і эпатаж удавы пана Кульшы. Але гэта быў першы і адзіны выпадак, калі рэжысёр скарыстаўся класічным сямейным кінапрыёмам".

Сябар Рубінчыка, сам рэжысёр Уладзімір Арлоў таксама хацеў сыграць у "Дзікім паляванні". Вось яго фотапроба на персанаж "секундант". Увогуле мужчынскі акцёрскі склад беларускага кіно ўражвае: Альберт Філозаў, Раман Філіпаў, Барыс Хмяльніцкі. А на фотапробы выклікаліся ленінградзец Яўген Лебедзеў, тады бакінец Эмануіл Вітарган. Вялікі конкурс разгарнуўся на галоўную ролю этнографа, які даказвае, што ўдзельнікі палявання ў шляхетнай глыбінцы - зусім не прывіды, а рэальныя злачынцы. Беларэцкім мог быць Аляксандр Абдулаў і Уладзімір Конкін з "Месца сустрэчы змяніць нельга". Далей Уладзімір Гасцюхін і нават "пясняр" Леанід Барткевіч.

Зацвярджаюць Барыса Плотнікава, вядомага па фільме "Узыходжанне". Дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва захоўвае каля дзясятка альбомаў з фотапробамі на караля Стаха. Таксама значныя тамы кінасцэнарыя, перадмантажу, сшыткі па фінансаванні работ, пратаколы мастацкіх саветаў. Сцэнарый фільма падвяргаўся купюрам.

Сам жа Караткевіч у фільме свой сцэнарый не пазнаў. На генеральным праглядзе класік вынес вердыкт: "Гэта не мой твор. Але гэта твор кінамастацтва".