Гісторыя праз рэальныя асобы і лёсы

8 апреля 2014

Фатаграфіі з сямейных альбомаў часоў першай сусветнай і кранальныя лісты з фронту той вайны - гісторыю праз рэальныя асобы і лёсы паказалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на выставе, прысвечанай стагоддзю ваеннай трагедыі пачатку дваццатага стагоддзя. Экспазіцыя з больш як пяцісот кніжных рарытэтаў і фотаарыгіналаў распавядае і пра выключна ваенны складальнік тых падзей: зброю і тэхніку, стратэгію і тактыку бітваў, успаміны ўдзельнікаў.


Наталля Бардзілоўская - падрабязней. Сваё палатно мастак Барыс Цітовіч прысвяціў лёсу рэальнага беларуса - ўдзельніка першай сусветнай і яго выратавальніцы - медсястры Кацярыны. Вайна праз гісторыю кахання. Трагедыя пачатку XX стагоддзя праз праўдзівыя чалавечыя лёсы - менавіта з такога прынцыпу каля дзесяці гадоў таму пачала фарміравацца гэтая экспазіцыя, першы ў Беларусі збор дакументаў, якія сведчаць аб тых старонках гісторыі.


Сёння ўсё часцей ідзе размова пра стварэнне адзінага дзяржаўнага музея першай сусветнай і экспазіцыі агульнарэспубліканскага маштабу.


Пачатковая база для рэалізацыі гэтай ідэі ўжо ёсць: у Смаргоні, Мядзелі, Баранавічах, у месцах, дзе праходзілі асноўныя бітвы, створаныя цэнтры, якія займаюцца пошукам і назапашваннем гістарычных экспанатаў.


Першы музей, які і ў Беларусі, і на ўсёй постсавецкай прасторы пачаў мэтанакіравана збіраць экспазіцыю, прысвечаную першай сусветнай вайне, знаходзіцца ў Вілейцы. Дзесяць гадоў таму на базе мясцовага краязнаўчага музея энтузіясты ўзялі за мэту скласці калекцыю рарытэтаў, сведчанняў, памятных знакаў, якія датычацца першай сусветнай, - усяго таго, што мае гістарычную каштоўнасць і эмацыянальна ўздзейнічае.


У вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна рарытэты захоўваюцца ў Барыса-Глебскай капліцы памяці загінуўшых воінаў першай сусветнай. Менавіта вілейскую калекцыю мяркуецца ўзяць за аснову экспазіцыі будучага адзінага рэспубліканскага музея. Магчыма, туды ўвойдуць і гэтыя ўнікальныя здымкі: вядомы ў Беларусі філакартыст Уладзімір Ліхадзедаў паказаў на выставе першую сусветную вачамі ваенных фатографаў тых часоў.


Акрамя фатаграфій, выстава змяшчае франтавыя лісты і вялікую падборку кніг, у якіх не толькі мемуары, але і навукова-гістарычныя даследаванні, якія датычацца першай сусветнай.