Гісторыка-культурны музей-запаведнік у Заслаўі папаўняецца новымі экспанатамі і будынкамі

22 мая 2020
Заслаўю сёлета спаўняецца 1035 гадоў. Гісторыка-культурны музей-запаведнік, які знаходзіцца ў гэтым старажытным горадзе Беларусі і займае 113 гектараў, папаўняецца новымі экспанатамі і будынкамі. Хутка тут з’явіцца Музей беларускай маляванкі. І свайго часу ў фондах чакаюць каля 300 арыгінальных дываноў. Старажытны горад-музей у нашым рэпартажы.

З гэтымі мясцінамі звязаны пачатак летапіснай гісторыі нашай краіны. Тут захаваліся помнікі археалогіі, якім больш за 10 стагоддзяў. Сёння кожны школьнік ведае імёны такіх гістарычных асоб, як Рагнеда і Ізяслаў. Адсюль і назва гэтага горада - Заслаўе. 

На тэрыторыі больш за 100 гектараў музея-запаведніка "Заслаўе" размясціліся гарадзішчы, курганныя могілкі X-XII стагоддзяў, помнікі драўлянай архітэктуры канца XIX - пачатку XX.

Аляксандр Рак, галоўны захавальнік гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе": "Пра тое, што Рагнеда была ў Заслаўі - назва дзвюх рачушак: Княгінька і Чарніца, дзе Рагнеда прымала хрысціянства і стала манахіняй, дзе па паданнях стаяў манастыр і чорная гара на беразе Чарніцы".

На працягу стагоддзяў гістарычныя факты абрасталі паданнямі ды легендамі, якія і дайшлі да нашых дзён. Сёння іх узгадваюць у экспазіцыях Музея міфалогіі лесу.

Старажытную гісторыю Заслаўя ўвасабляе і гандлёвая лаўка канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Адноўлены музейны пакой з гістарычнай атмасферай, бадай, адзіны ў Беларусі.

А на тэрыторыі флігеля палаца XVIII стагоддзя - былога ўладара Заслаўя – зараз будуецца зусім новы Музей беларускай маляванкі. У 20-30 гады мінулага стагоддзя амаль ў кожнай сялянскай хаце сцены былі ўпрыгожаны маляванымі дыванамі. Звычайна ўзоры ствараліся на тканіне  ці  на паперы. Калекцыю збіралі больш за 30 гадоў з розных куткоў Беларусі. У музеі будуць экспанавацца арыгінальныя дываны Язэпа Драздовіча, Алёны Кіш, Фёдара Сухавілы.

Дапоўняць экспазіцыю музея  работы і сучасных мастакоў, якія стварылі свае маляваныя дываны паводле народнай беларускай творчасці.