"Іліяда" Гамера ў Беларусі!

18 сентября 2018

Арыгінал Гамера ў Беларусі. Яго "Іліяда" зараз знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Напярэдадні позна вечарам рэйсам з Франкфурта прызямліўся асабліва каштоўны груз - шэдэўры сусветнай кніжнай спадчыны. Рарытэты суправаджалі давераныя асобы ўладальнікаў. Большасць з іх будзе дэманстравацца публіцы ўпершыню. Пра існаванне многіх экспанатаў даследчыкі і не ведалі. Перамовы ішлі больш чым год. Каля сотні экзэмпляраў у Беларусь дастаўляюцца часткамі з розных кантынентаў. Самыя дарагія (коштам некалькі мільёнаў еўра) ўжо ў нас. Усе іх можна будзе ўбачыць на выставе "Беларусь і Біблія". Яшчэ ніколі і нідзе ў Еўропе ў адным месцы не выстаўлялася такая колькасць кніжных помнікаў.

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі:

"Пераважна гэта прыватныя зборы. Гэта не дзяржаўныя закрытыя калекцыі альбо ўсім добра вядомыя экспанаты сусветнай значнасці, гэта унікумы, якія нярэдка дагэтуль ніхто не бачыў. На выставе будзе магчымасць пабачыць каштоўныя помнікі, якім некалькі тысяч гадоў і якія маюць каштоўнасць на дзясяткі мільёнаў еўра за кожную адзінку. Абсалютна непаўторная, унікальная выстава, і я дагэтуль не веру, што мы маем гэта ў Беларусі".

Выстава адкрыецца ў чацвер. Кніжныя шэдэўры будуць знаходзіцца ў Беларусі месяц. Звычайна яны экспануюцца не больш чым два тыдні. Пасля Мінска частка калекцыі адправіцца ў Расію. Сусветная кніжная спадчына будзе экспанавацца ў піцерскім Эрмітажы.