Ілью Волкаву прапанавалі прадставіць Беларусь на Новай хвалі ў Латвіі

5 декабря 2013

Разам з бронзай дзіцячага Еўрабачання ён выйграў сапраўдную пуцёўку на эстраду. Ілья Волкаў прадставіць Беларусь на вакальных конкурсах у Малдове, а таксама Новай хвалі ў Латвіі. Пра гэта 11-гадовы артыст паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Белтэлерадыёкампаніі. Адказваць на пытанні журналістаў прызёру Еўрабачання дапамагалі тыя, хто падтрымліваў юнага артыста на музычным спаборніцтве - маці, харэограф, кіраўнікі нашай дэлегацыі на дзіцячым Еўрабачанні.


Ілья Волкаў, бронзавы прызёр Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні Еўрабачанне-2013: У мяне было больш хвалявання тады, калі была генеральная рэпетыцыя, калі журы сакрэтна выстаўляла балы. Мая мара спраўдзілася, я пабываў на дзіцячым Еўрабачанні. Гэта, я думаю, вялікі гонар, прадставіць нашу краіну і заняць 3 месца на такім конкурсе.


Ілья Волкаў запэўніў, што прадоўжыць займацца ў вакальнай студыі Залатыя галасы, секцыі спартыўна-бальных танцаў і, вядома, застанецца харашыстам у школе.

А Белтэлерадыёкампанія, якая з'яўляецца адзіным у нашай краіне прадстаўніком Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, рыхтуецца аб'явіць пачатак прыёму заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборы для дзіцячага Еўрабачання-2014.