І Рэспубліканскі дзіцячы фестываль "Кітайская зорка" ў Мінску

22 января 2018

Школьнікаў з розных населеных пунктаў краіны аб'яднаў у Мінску І Рэспубліканскі дзіцячы фестываль "Кітайская зорка". У якасці замежнай у навучэнцаў кітайская мова, а таму і для нумароў яны выбралі ўсходнія адзінаборствы, традыцыйныя танцы і музычныя хіты Паднябеснай. На незвычайным адкрытым уроку пабывала Аляксандра Кавеліч.

Гэтыя юныя артысты толькі восенню ўпершыню селі за парты. У якасці замежнай вывучаюць кітайскую мову. І ўжо сёння не толькі размаўляюць, але і спяваюць на мове Паднябеснай. Свае лінгвістычныя і музычныя здольнасці вучні дэманструюць падчас творчага конкурсу - са сцэны першакласнікі віншуюць гледачоў з Новым годам.

"Кітайская зорка" аб'яднала юных школьнікаў з розных куткоў краіны. Усе ўдзельнікі І Рэспубліканскага фестывалю вывучаюць мову Паднябеснай, а таму для сваіх нумароў выбралі розныя напрамкі мастацтва ўсходняй краіны.

Традыцыйныя кітайскія мелодыі, тэатральныя замалёўкі і нават сапраўдныя музычныя хіты. Шасцікласнікі з Оршы ператварылі сваё выступленне ў дыскатэку - папулярную кампазіцыю падгледзелі ў кітайскім хіт-парадзе.

Дарэчы, менавіта кітайскую мову ў якасці замежнай выбіраюць усё больш школьнікаў. Толькі ў сталіцы яе вывучаюць адразу ў пяці школах і гімназіях.

Ігар Карпенка, Міністр адукацыі Беларусі: "Летась мы распрацавали стратэгію вывучэння кітайскай мовы і культуры. Гэта і правядзенне стажыровак для таго, каб мець зносіны з носьбітамі, гэта прыцягненне замежных спецыялістаў. Гэта і пытанні падрыхтоўкі падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў. Гэтая тэма для нас сёння таксама актуальная”.

Цуй Цымін, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Кітая ў Беларусі: “Мова - гэта мост сяброўства паміж краінамі. І мы вельмі рады, што беларуская моладзь цікавіцца вывучэннем кітайскай. Таму мы вырашылі арганізаваць гэтае мерапрыемства. І, магчыма, неўзабаве такі фестываль пройдзе ўжо ў Кітаі”.

Яго гасцямі могуць стаць і пераможцы конкурсу "Кітайская зорка". Лепшых сярод маленькіх артыстаў на першым творчым форуме выбралі адразу ў сямі намінацыях.

Для дзясяткаў удзельнікаў гэты фестываль стаў не проста конкурснай пляцоўкай, але і сапраўдным адкрытым урокам у творчым фармаце. Праз музычныя, танцавальныя і нават акрабатычныя нумары вучні дзеляцца сваімі ведамі пра ўсходнюю краіну, а значыць разам яшчэ бліжэй знаёмяцца з яе культурай.