Гран-пры Славянскага базару ўпершыню едзе ў Польшчу

16 июля 2013

У Беларусі трэцяя прэмія, а Гран-пры Славянскага базару ўпершыню едзе ў Польшчу. Напярэдадні ў Віцебску міжнароднае журы на чале з Ларысай Долінай вынесла свой вердыкт.


На што патраціць выйграныя 15 тысяч долараў Міхал Качмарэк, даведалася Алена Панцюхова.


Як аднадушна прызнаюцца члены журы, сёлета судзейская праца была няпростая. Сярод удзельнікаў не было сярэдніх спевакоў, выбіралі лепшых з лепшых, сярод якіх быў і наш суайчыннік. Трэцюю прэмію сёлета падзялілі выканаўца з Румыніі Крысці і беларус Аляксандр Салаўёў.


Другая прэмія таксама на дваіх - спеваку з Грузіі Арчылу і Яўгену Андрыянаву з Малдовы. Першая прэмія і 10 тысяч долараў у спявачкі Сабрыны з Харватыі. І, нарэшце, Гран-пры ўпершыню ў паляка Міхала Качмарэка.


Міхал Качмарэк, уладальнік Гран-пры ХХІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні Віцебск-2013: Я ў захапленні! Беларусы вельмі гасцінныя, я выходжу ў горад - мне ўсе ўсміхаюцца. Тут нейкая незвычайная энергія, я вельмі люблю Беларусь!.


Выйграныя 15 тысяч долараў Міхал Качмарэк збіраецца ўкласці ў новы песенны альбом. А вось старшыня журы конкурсу Ларыса Доліна свой судзейскі ганарар, магчыма, патраціць на новую байкерскую экіпіроўку. Народная артыстка Расіі раз'язджае на Славянскім базары на матацыкле.


Каля амфітэатра як заўсёды натоўпы прыхільнікаў. Сфатаграфавацца з артыстам або атрымаць зорны аўтограф - дзеля гэтага не шкада і цэлага водпуску.


І нават пасля афіцыйнага закрыцця Віцебск не развітваецца з фестывалем. Сёння ў Летнім амфітэатры запланаваныя два канцэрты - бенефіс Вілі Токарава і гала-канцэрт зорак шансона.