Графічныя працы Вольгі і Андрэя Басалыгі намініраваныя на нацыянальную прэмію ў галіне мастацтва

15 Мая 2020
У кожнага мастака свае асаблівасці і тэхніка друку. Тым больш, калі такое майстэрства, як графіка, перадаецца ў спадчыну. Прадстаўнік мастацкай дынастыі Андрэй Басалыга і яго жонка Вольга падзяліліся з Ларысай Гулякевіч не толькі сваімі творчымі, але і сямейнымі сакрэтамі.

Графіка для іх - сямейная творчая спадчына. Для Вольгі - гэта перш за ўсё пачуццёвасць ліній, пластыка і эмацыянальнасць. Для Андрэя галоўнае - форма і філасофія. Сёлета творчая пара адзначае 30 гадоў разам.

Пазнаёміліся яшчэ школьнікамі, потым вучыліся ў мастацкім глебаўскім вучылішчы, а ў тэатральна-мастацкі інстытут паступалі ўжо мужам і жонкай. 30 гадоў разам у сям'і і творчасці. Басалыгі - гэта беларуская дынастыя мастакоў-графікаў. Два браты Уладзімір і Міхаіл у 1957 годзе прыехалі ў Мінск з марай - стаць мастакамі, і сталі. Іх творчы дуэт праславіўся і стаў вядомым. Потым кожны стварыў сваю сям'ю.  Адбылося так, што дзеці, унукі і нават нявесткі працягваюць мастацкую справу, але кожны са сваімі асаблівасцямі і почыркам.

Жонка Андрэя - Вольга Нікішына - таксама з творчай сям'і. Маці - Тамара Федасеенка была мастаком па касцюмах, а дзед Уладзімір Федасеенка - беларускі пісьменнік. 

У сям'і Андрэя Уладзіміравіча і Вольгі - трое дзяцей. Так ці інакш старэйшыя сыны звязаныя з мастацтвам і дызайнам, а дзевяцігадовая дачка пакуль назапашвае творчы арсенал ў музыцы, танцах і малюнку. 

Афорт, літаграфія, лічбавы дызайн. Графіка як від мастацтва з усімі складанасцямі тэхнікі і друку  застаецца асноўным кірункам іх творчасці.

Графічныя работы Вольгі і Андрэя намініруюцца сёлета на нацыянальную прэмію ў галіне мастацтва. Вынікі - у чэрвені.