Дзяржаўны фонд папоўніўся аўтарскай літаграфіяй Марка Шагала

29 ноября 2019
У Мінск з Парыжа дыпламатычнай поштай дастаўлена "Турнельская набярэжная" 1963 года аўтарства вядомага мастака, ураджэнца Віцебска. Гэта падарунак Нацыянальнаму гістарычнаму музею ад саветніка пасольства Беларусі ў Францыі Віталя Корнева. Твор быў набыты ў французскага калекцыянера ў рамках працы па вяртанні культурных каштоўнасцей, якая праводзіцца дыпламатычным прадстаўніцтвам. Сапраўднасць працы пацверджана адпаведным сертыфікатам.

"Турнельская набярэжная" - арыгінальная каляровая літаграфія з серыі "Погляды на Парыж". Калекцыйнае выданне выйшла ў колькасці 180 экзэмпляраў і ўяўляе сабою збор эсэ на тэму жыцця ў французскай сталіцы. Яно ўключала 33 літаграфіі, сярод якіх і праца Марка Шагала.