Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа - 60

30 августа 2016

Пасля смерці паэта, у жніўні 56-га, беларускі ўрад прыняў пастанову аб увекавечанні памяці Канстанціна Міцкевіча. Так быў створаны музей песняра не толькі ў Мінску, дзе ён пражыў апошнія гады, але і на яго радзіме - у Стаўбцоўскім раёне. Неўзабаве гэта мястэчка стала турыстычным цэнтрам. Па сцежках Коласа прайшлася і Наталля Бардзілоўская.

Акінчыцы, Альбуць, Смольня і Ласток. Чатыры коласаўскія мемарыялы даўно сталі цэнтрамі літаратурных і фальклорных свят. Але сёлета музей Коласа задумаў комплексны тэматычны інтэрактыў пад назвай «Сцежкамі Коласа». Улічваючы блізкую адлегласць паміж аб'ектамі, прапануецца так званае падарожжа па «коласаўскім кальцы». У кожным пункце - магчымасць не толькі замілавацца самабытным сельскім пейзажам і пазнаёміцца са стацыянарнай экспазіцыяй. Для наведвальнікаў розных узростаў падрыхтаваны загадкі і гульні, тактыльныя практыкаванні: палюляць напрыклад, калыску Коласа-немаўляці ці нават злавіць муху вось у такое экзатычнае прыстасаванне канца 19 стагоддзя.

Некалькі новых інтэрактыўных праектаў музея Коласа будуць звязаны вось з гэтай мясцінай. Альбуць - адна з чатырох мемарыяльных сядзіб музейнага філіяла. Тут Якуб Колас напісаў свой першы верш і атрымаў першы ганарар: ад бацькі. Сярэбраны рубель - тады гэта было вельмі грунтоўна.

Патрымаць той грошык у далоні. А яшчэ - у Альбуці будуць частаваць. У тутэйшым гумне арганізавалі куток пад назвай «хатка знахаркі».

У Альбуці завяршаюць работу і над праектам для дзяцей. «Флора і фаўна ў жыцці і творчасці Якуба Коласа» - шмат пра гэта сам пісьменнік пакінуў у паэме «Новая зямля» і ў трылогіі «На ростанях». Так дзятву чакае атракцыён «грыбы», падчас якога рабяты правераць свае веды пра ядомыя і неядомыя дары лесу.

Альбуць - сядзіба, у якой Міцкевічы пражылі 12 гадоў. Адсюль Колас пайшоў вучыцца на настаўніка ў Нясвіж. Смольня - мясціны, звязаныя з легендарнай сустрэчай Коласа і Купалы. Ласток - куток, дзе прайшлі коласавы дзіцячыя гады. І Акінчыцы - месца, дзе нарадзіўся паэт. Ва ўсіх чатырох мемарыялах - пабудовы і рэчы, звязаныя з Коласам.