Горад драўляных скульптур будуюць дванаццаць майстроў

11 июня 2015

19 чэрвеня кампазіцыі з таполі здадуць у эксплуатацыю. А пакуль - напружаная праца. Сёлета ў Мядзельскім раёне праходзіць пленэр “Сонечная цеплыня дрэва”. Натхнёныя маляўнічымі пейзажамі Нарачанскага краю, народныя ўмельцы выпілоўваюць персанажаў з беларускіх паданняў і легенд. Аляксандра Драгун назірала за творчым працэсам.

Ад лыжак і чарпакоў да скульптур у чалавечы рост. Віктар Расолаў два дзясяткі гадоў адточвае майстэрства разьбы па дрэве. Яго аўтарскія шэдэўры з дуба і таполі ўпрыгожваюць вуліцы Гомеля. На тыдзень майстар прыехаў на Нарач... папрацаваць.

Плячо ў плячо апрацоўваюць бярвенне 12 народных умельцаў. Увасабляюць беларускія легенды і паданні ў дрэве. Задумкі і творчыя рашэнні ў кожнага свае, але аб’яднаны адной тэмай, звязанай з Нарачанскім краем. Гэта ўмова абласнога плэнэра – сонечнае цяпло дрэва.

14-ты год свята манументальнай скульптуры ладзяць у Мінскай вобласці. Але сёлета геаграфія стала шырэй - далучыліся майстры з Гомеля. Штогод пленэр крочыць па гарадах цэнтральнага рэгіёна. Сёлета сабраліся ў Мядзельскім раёне.

Для працы выбралі пляцоўку ля возера Нарач. Каб прыгажосць прыроды натхняла майстроў. Для творчасці кожнаму прывезлі па два драўляныя ствалы вышынёй два метры і шырынёй 50 сантыметраў. Пакуль працуюць сякерамі і піламі.

Манументальныя скульптуры рыхтуюць у розных мастацкіх стылях, але ў асноўным яны будуць аб’емнымі. Пасля пленэра кампазіцыі упрыгожаць Мядзельскія паркі і вуліцы. А пакуль да 19 чэрвеня майстры ўвасабляюць свае аўтарскія ідэі на радасць жыхарам і гасцям раёна.