Калі старадаўнія віды мастацтва ажываюць пад рукой сучасных майстроў. Гомельскі мастак паўстагоддзя займаецца адраджэннем разьбяных традыцый іканапісу. За гэты час стварыў некалькі сотняў драўляных абразоў, кожная дэталь якіх высечана ўручную з драўніны. Работы майстра атрымалі блаславенне праваслаўнай царквы і захоўваюцца ў прыватных калекцыях на некалькіх кантынентах свету.
У творчай майстэрні незвычайнага іканапісца пабывала Ганна Кавалёва. Яшчэ крыху - і контур будучай карціны ўжо на драўляным палатне. З гэтым матэрыялам Уладзімір працуе амаль паўстагоддзя. У мастацкім свеце адзін з нямногіх, хто заняўся адраджэннем старадаўніх тэхнік. Зрабіў ужо некалькі сотняў разьбяных абразоў. Пры гэтым стварае іх па ўсіх царкоўных канонах і з захаваннем традыцый разьбянога іканапісу. Спрадвеку было прынята ствараць іконы менавіта з ліпавай драўніны. Гэты матэрыял - адзін з самых падатлівых і мяккіх. Дазваляе выскрабаць самыя дробныя анатамічныя дэталі і фрагменты адзення. Таму чым больш на іконе людзей, тым даўжэй яна будзе стварацца.
Дарэчы, сама разьба - не галоўны творчы этап. Пасля працы стамескамі ў ход ідзе воск і іншыя растворы для апрацоўкі паверхняў драўніны. І тут таксама ёсць свае сакрэты. А вось лакам майстар ніколі свае абразы не пакрывае. Кажа, гэты раствор робіць абліччы нежывымі і мяняе колер драўніны не ў лепшы бок. Дарэчы, акрамя стварэння разьбяных абразоў, Уладзімір займаецца і жывапісам. Сярод яго работ - як своеасаблівыя абстракцыі, так і класічныя нацюрморты, партрэты і пейзажы. Таксама Уладзімір займаецца рэстаўрацыяй. Напрыклад, вось гэты гадзіннік 19 стагоддзя. Яго майстар прывёз з Санкт-Пецярбурга. На аднаўленне спатрэбіўся месяц.
Увогуле, рука майстра распазнавальная ўжо не толькі ў Беларусі. Работы захоўваюцца ў прыватных калекцыях па ўсёй Еўропе і ў Нью-Ёрку. На рахунку - 5 персанальных выстаў.
Гомельскі мастак паўстагоддзя займаецца адраджэннем разьбяных традыцый іканапісу
20 июня 2020













