Гомель на два дні стаў сталіцай музейнай справы

26 сентября 2014

У горадзе праходзіць 2-і Нацыянальны форум Музеі Беларусі - гэта каля 100 дзяржаўных, ведамасных і грамадскіх арганізацый, а таксама кампаній, якія працуюць у сферы музейных тэхналогій і індустрый. Кожны з іх пастараўся прыцягнуць да сваёй экспазіцыі максімум увагі. Удзельнікаў і гасцей форуму з адкрыццём павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Вольга Халадовіч вывучыла рарытэты.


Сярэдневяковыя рыцары, сціплыя буржуа, шляхетныя дваране - на форуме можна ўбачыць сапраўдны парад касцюмаў і эпох. А яшчэ запісацца ў армію 17-га стагоддзя.


Цікава даведацца, узялі б мяне ў рэкруты Бабруйскага павета. Згодна з патрабаваннямі, мой рост павінен складаць не менш як 2 аршыны і 3 вяршкі. Ваш рост 2 аршыны і 5 вяршкоў, вас можна браць у лінейную пяхоту.


Аматары гісторыі на форуме прадстаўляюць экспазіцыі разам з навуковымі супрацоўнікамі. Тут дакладныя копіі саміх музейных экспанатаў, зробленыя сваімі рукамі.


Ідэю наведаць усе музеі Беларусі адразу не пакінулі без увагі іншаземцы. Стывен Уэйлі ў нашай краіне не першы раз, але нават не падазраваў, што тут так шмат музеяў.


Стывен Уэйлі, наведвальнік форуму, Англія: Я вельмі рады, што трапіў сюды. Тут прадстаўлены ўсе музеі Беларусі, гэта вельмі ўражвае. Больш за ўсё мне падабаецца, як вы ставіцеся да нацыянальных традыцый і касцюмаў. Тое, што вы дагэтуль захавалі гэта і спяваеце свае народныя песні - гэта выдатна.


Кожны музей прадэманстраваў тут менавіта тое, што характарызуе яго спецыфіку. Напрыклад, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль зрабіў стаўку на старажытныя рарытэты палаца.


Падчас урачыстага адкрыцця форуму Міністр культуры Барыс Святлоў зачытаў віншаванне ўдзельнікам ад Прэзідэнта Беларусі. І падкрэсліў - 3-му форуму быць.


На форум у Гомель прыехалі прафесіяналы з Расіі, Германіі, Славакіі, Літвы. У якасці ганаровага госця і сустаршыні журы запрошаны дырэктар Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі. Госці правядуць трэнінгі і майстар-класы, а таксама дапамогуць вызначыць лепшы музей Беларусі.