Голас творцаў павінен гучаць мацней у адстойванні каштоўнасцяў і ідэалаў сваёй краіны

15 октября 2016

Такую думку выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі на II з'ездзе Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. У Маскве сабраліся каля 120 дэлегатаў з Беларусі, Расіі, а таксама палітычныя і грамадскія дзеячы з дзвюх краін. Прывітанне Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам форуму зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. На думку Ігара Бузоўскага, сацыяльныя функцыі, якія выконвае творчая эліта, нельга ацэньваць выключна рублём. Выдаткі дзяржавы на падтрымку сацыяльна значнай літаратуры павінны быць захаваныя і адэкватныя выклікам часу.

Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі:

"Сацыяльныя функцыі, якія выконвае творчая эліта ў цэлым і пісьменніцкае асяроддзе ў прыватнасці, нельга ацэньваць выключна рублём. Недастатковае разуменне гэтых рэчаў прыводзіць да расхіствання і дэградацыі не толькі асобна ўзятых творчых аб'яднанняў, а, упэўнены, і каштоўнасцяў, што з'яўляюцца дзяржаўнымі асновамі, якія мы павінны не проста шанаваць, але і ваяваць за іх".

За пяць гадоў, што мінулі з папярэдняга з'езда, супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх пісьменнікаў стала больш моцным. Кіраўнік пісьменніцкага саюза Беларусі адзначыў, што яго калег па цэху турбуе не толькі стан літаратуры. Стварэнне Саюзнай дзяржавы патрабуе, каб і інтэлектуалы зрабілі свой унёсак у аб'яднальныя працэсы.

Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі:

"Ні ў якой меры нельга перасягнуць тую рысу, якая называецца міждзяржаўныя палітычныя адносіны. Гэта святое. Можна таргавацца, як бывае на рынку, адзін прапануе - другі купляе. Можна спрачацца, але не перасягнуць рубікон, за якім стаяць адносіны зусім іншага плана. Пісьменнікі ўсё больш бяруць на сябе, сваім словам заклікаючы народы. Іншага выхаду няма. Свет знаходзіцца на мяжы вайны".

На палях II з'езда Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, які адбыўся ў Маскве, чарговы раз было абмеркавана пытанне правядзення ў Мінску 1-га Еўразійскага філасофскага кангрэса. Аб актуальнасці гэтай тэмы выказалася кіраўніцтва Расійскага філасофскага таварыства на сустрэчы з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Ва ўрадзе Масквы Ігар Бузоўскі правёў перамовы з намеснікам мэра расійскай сталіцы Аляксандрам Гарбенкам. Размова на сустрэчы ішла аб развіцці кантактаў у сферах культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва, інфармацыйнай палітыкі. Бакі выказалі сумесную зацікаўленасць у максімальна шырокім асвятленні маючых адбыцца ў 2017 годзе Дзён Мінска ў Маскве.