Голас Беларусі на "Еўрабачанні-2016" выберуць гледачы

6 декабря 2015

Расказвае Іна Пілевіч.

У барацьбе за пуцёўку на "Еўрабачанне" артысты рабілі стаўку на эпатаж. Ужо не першы сезон нацыянальны адборачны тур на конкурс штурмавалі фрыкі. Бо павышаная цікавасць да шоу гарантуе, што скандальная выхадка патрапіць на першую паласу лепшых выданняў.

Дзеля "Еўрабачання" "Дразды" дадалі ў свой спеў гогат гусака. Папулярная беларуская група аддала вядучую партыю новаму салісту Васілю. Перад журы з'явіўся нечакана са скрынкі ў кульмінацыйны момант песні пра вясковыя будні.

"Дразды" ў кампаніі з гусаком студыю хоць і парвалі, але, паводле правіл "Еўрабачання", прысутнасць жывёлін на сцэне забароненая.

Да праслухоўвання на "Еўрабачанне" сёлета рыхтаваліся нават навукоўцы - стварылі спецыяльныя прылады для арыгінальнага афармлення нумароў. Тэхналогію трымаюць у сакрэце.

"3+2" раўняецца канкурэнты. Былыя ўдзельнікі групы, якая прадстаўляла нашу краіну на "Еўрабачанні-2010" у Осла, прыйшлі на праслухоўванне з сольнымі праектамі. У надзеі ўзяць рэванш Арцём Міхаленка і Егіазар Фарашан вырашылі двойчы ўвайсці ў еўравізійную раку.

Сярод пачынаючых выканаўцаў было нямала адкрыццяў. А вось ветэраны мінулых адбораў прыйшлі амаль у поўным складзе: Жанэт, Аўра, Аляксей Грос. Ім кампанію склалі выпускнікі розных тэлепраектаў - пераможцы "Славянскага базара", "Міні-міс свету", удзельнікі шоу "Хачу да Меладзэ". На сцэну "Еўрабачання" імкнуліся і патрыярхі беларускай эстрады. Ансамбль "Песняры" прапанаваў песню ў мулявінскім стылі - да 75-годдзя стваральніка калектыва. І хоць "Песняры" ўжо гісторыя беларускай эстрады, у фінал не прайшлі.

Наваспечаныя хіты гучалі на беларускай, рускай і англійскай мовах. Часцяком няяснае вымаўленне і немудрагелістасць тэкстаў надавалі кампазіцыям двухсэнсоўнае і таму камічнае гучанне.

Прэтэндэнтаў слухалі ад першай да апошняй ноты. Без прыпынкаў. Ацэнку давалі мэтры беларускай эстрады: Ціхановіч, Раінчык, Тэа, Ланская, Калдун. Усяго 17 экспертаў. Праз вялікую колькасць прэтэндэнтаў праслухоўванне праводзілі на два этапы. Усяго на адрас Белтэлерадыёкампаніі паступіла каля сотні заявак.

Аляксандр Ціхановіч, народны артыст Беларусі, старшыня журы праслухоўвання нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016": "Конкурс "Еўрабачанне" - гэта конкурс песні. І першым чынам будзе ацэньвацца песня. Песня, якая можа быць канкурэнтаздольная ў конкурсных умовах Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза".

За тым, што адбываецца ў студыі 600, ля манітораў камп'ютараў сачылі як фанаты "Еўрабачання", так і калегі ўдзельнікаў. Праслухоўванне праходзіла ў адкрытым фармаце і транслявалася ў рэжыме рэальнага часу на сайце медыяхолдынга.

Анлайн-трансляцыя праслухоўвання ў рэйтынгах і якасці карцінкі не саступае паўнавартасным тэлевізійным конкурсам. Менавіта на гэтым праекце было ўпершыню задзейнічанае новае абсталяванне - экраны высокага распазнавання. Іх памер сапраўды велічэзны, плошча - 200 квадратных метраў.

Хацелі запрасіць у фінал 15, а выбралі толькі дзясятку. Іх імёны на вашых экранах. Яны пазмагаюцца за пуцёўку на конкурс у Швецыю. Дарэчы, у фінале нацыянальнага адбору журы па-за гульнёй. Голас Беларусі на "Еўрабачанні-2016" выберуць гледачы. Кожны зможа прагаласаваць за свайго фаварыта пасродкам смс і тэлефонных званкоў.

Інтрыга вырашыцца не пазней за 25 студзеня.