Габелен стагоддзя выставяць у Мінску

14 мая 2014

Шэдэўр з 300 кілаграмаў натуральнай шэрсці вышынёй з шасціпавярховы дом. Габелен стагоддзя народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі выставяць у Мінску. Унікальнае палатно мае статус матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, унесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса, але пакуль так і не набыло пастаяннае месца экспанавання.


Чаму транспарціроўка шэдэўра дазволена толькі пад кантролем аўтаінспекцыі? І якая мінімальная цана тканай карціны, паводле ацэнак экспертаў? Расказвае Іна Пілевіч.


За дзень 3 сантыметры на метровым адрэзку. Такімі тэмпамі на працягу чатырох гадоў яны ўручную ткалі Габелен стагоддзя згодна з эскізам народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі. На той легендарны заказ у майстрых Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пайшло 806 кіламетраў нітак з натуральнай шэрсці.


На памяць пра тканы шэдэўр камбінат атрымаў імя яго аўтара. І менавіта тут Габелен стагоддзя знаходзіцца на захаванні. Падняць палатно пад сілу 13-ці мужчынам. І справа не толькі ў вазе, але і ў памерах. Велічыня твора - 16 на 19 метраў. Па вышыні яго можна параўнаць з шасціпавярховым домам. І менавіта з-за сваіх маштабаў габелен уключаны ў Кнігу рэкордаў Гінеса.


Транспарціроўка габелена ў Мінск толькі ў суправаджэнні аўтаінспекцыі. Гэта абавязковая ўмова, бо твор мае статус матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Між іншым з-за габарытаў беларускі шэдэўр выстаўлялі толькі 6 разоў. І толькі зараз пасля сямігадовага перапынку свае плошчы для экспанавання прапанаваў Банк развіцця.


ХХ стагоддзе праз касмічную прызму. Аляксандр Кішчанка маляўніча шэрсцю паказаў падзеі мінулага і сучаснасці. Адлюстраваў 80 легендарных персон эпохі, сярод якіх Эйнштэйн, Хэмінгуэй, дэ Голь.


Вядома, патрыёт Кішчанка сваім габеленам не мог не сказаць пра Беларусь, пра тое, што нас аб'ядноўвае, тым больш твор нараджаўся ў гады станаўлення маладой дзяржавы. Габелен сам стаў шэдэўрам новай гісторыі. І, па ацэнках экспертаў, яго мінімальны кошт складае мільён умоўных адзінак.


Упершыню Габелен стагоддзя можна разглядзець настолькі падрабязна. Раней гіганцкае палатно ацэньвалі толькі з першага яруса. Архітэктура гэтага будынка дазваляе падняцца на любы паверх і ўбачыць дэталі блізка.


Габелен стагоддзя на два тыдні стане не толькі ўпрыгажэннем фінансавай установы. З пятніцы па ярусах банка пачнуць бясплатна вадзіць экскурсіі. У будныя дні ў вячэрні час, а ў выхадныя - на працягу дня. Дарэчы, усе гіды свабодна размаўляюць па-англійску.