"Галоўны эфір" у самым сэрцы дзіцячага "Еўрабачання"

25 ноября 2018

Галоўны трафей конкурсу - Хрустальны мікрафон - павязе Раксана Венгель з Польшчы.

Менавіта яна атрымала найбольшую колькасць галасоў гледачоў і прафесійнага журы. Наш выканаўца Даніэль Ястрэмскі заняў 11 месца.

 

За маляўнічым дзействам на "Мінск-Арэне" назіралі мільёны тэлегледачоў па ўсім свеце. Фінал дзіцячага "Еўрабачання" асвятлялі больш чым 100 журналістаў з розных краін. Усе яны ацанілі маштабнасць правядзення конкурсу ў беларускай сталіцы.

Мінск не навічок у правядзенні такіх буйных мерапрыемстваў. У 2010-ым наша сталіца ўжо была цэнтрам музычнага жыцця Еўропы.

 

Восьмы дзіцячы конкурс песні праходзіў таксама на "Мінск-Арэне" і таксама напрыканцы лістапада. Тады арганізацыю конкурсу прызналі лепшай за ўсю гісторыю дзіцячага "Еўрабачання".

 

І вось Беларусі зноў удалося здзівіць спрактыкаваных еўрапейцаў. У сёлетнім конкурсе прынялі ўдзел 20 краін. Гэта абсалютны рэкорд за ўсю яго гісторыю! Каб прыняць усіх, хто жадаў выступіць на вакальным форуме, прыйшлося нават карэкціраваць правілы Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.

 

Фантастычнае шоу, якое мы ўбачылі сёння на "Мінск-Арэне", для арганізатараў як галоўны іспыт. І рыхтавацца да яго пачалі задаўга - яшчэ вясной. Тэхнічныя і творчыя спецыялісты Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, тысячы светлавых прыбораў, сотні квадратных метраў экранаў, касмічны дызайн сцэны.

 

І, вядома, юныя здольнасці з 20 краін - тыя, хто напоўніў свята яркімі галасамі і непасрэднымі эмоцыямі - сёння яны былі на вышыні! Дарэчы, за ўсю гісторыю ўдзелу восем разоў удзельнікі з нашай краіны ўваходзілі ў топ-5. Сёння ў рэйтынгу ўсіх краін-удзельніц Беларусь у тройцы самых паспяховых.