Галоўныя ўзнагароды і непаўторныя эмоцыі на "Славянскім базары"

17 Ліпеня 2018

На пляцоўках "Славянскага базару" галоўныя дзействы ўжо завяршыліся, зрэшты, музычная сталіца працягвае жыць у фестывальным рытме. Напярэдадні ўначы адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця музычнага форуму. Яркае шоу доўжылася больш чым 3 гадзіны. На канцэрце вырашылася і музычная інтрыга - каму дастанецца Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў. Галоўную ўзнагароду і непаўторныя эмоцыі з Віцебска павязе румынскі вакаліст Марчэл Рошка.

Расказвае Вольга Маслоўская. Тыдзень Віцебск жыў у фестывальным рытме. Гэта значыць, амаль не спаў. Больш за сотню проектов на 17 пляцоўках: прэзентацыі, спектаклі, зорныя гадзіны і канцэрты, якія заканчваліся з першымі промнямі сонца.

Уражанні аб вялікім свяце музыкі павязуць прадстаўнікі 41 краіны. Гасцямі фестывалю сталі больш чым 5 тысяч чалавек. А колькі турыстаў гэтымі святочнымі днямі наведалі горад на Дзвіне, падлічыць немагчыма.

Падзеі фестывалю асвятлялі амаль 400 журналістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля, Літвы, Латвіі, ЗША, Сербіі. І сёння стужкі навін напоўнены фатаграфіямі з Летняга амфітэатра, дзе напярэдадні адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця XXVII фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Больш чым тры гадзіны 6-тысячная зала падпявала любімым артыстам.

Падчас шоу вырашылася і галоўная інтрыга апошніх дзён - каму дастанецца Гран-пры спаборніцтва маладых выканаўцаў? Два конкурсныя дні вызначылі двух лідараў. Амрэ з Казахстана і румынскі вакаліст Марчэл Рошка атрымалі ад суддзяў аднолькавую колькасць балаў. Для прыняцця рашэння ў журы была ноч.

Трэцюю прэмію журы вырашыла падзяліць паміж двума канкурсантамі - Сільвіяй з Польшчы і беларусам Яўгенам Курчычам.

Другой прэміі ўдастоена Міла Ніціч з Украіны.

І вось ён - кампраміс: першую прэмію конкурсу маладых выканаўцаў "Віцебск-2018" вязе вакаліст з Казахстана Амрэ, а ўладальнікам Гран-пры прызнаны Марчэл Рошка з Румыніі.

У дзіцячым конкурсе перамогу сёлета святкавала Украіна - Гран-пры ў 12-гадовага Аляксандра Балабанава. А беларус Арцём Скароль у школьным сачыненні "Як я правёў лета" раскажа, як стаў уладальнікам другой прэміі віцебскага конкурсу.

"Славянскі базар" адкрывае новыя імёны і карыстаецца аўтарытэтам у прызнаных майстроў сцэны. Юбілеі на фестывалі адзначылі кампазітары Ігар Лучанок і Аляксандр Марозаў. А каб запаліць імянную зорку на Плошчы зорак у Летнім амфітэатры, у Віцебск прыехала народная артыстка Казахстана Роза Рымбаева.

Над тым, каб фестываль атрымаўся, у розных краінах працавалі сотні чалавек - рэжысёры, мастакі, прадзюсары і, вядома, каманда прафесіяналаў з Віцебска. Усе гэтыя дні дырэкцыя фестывалю ў кругласутачным рэжыме каардынавала дзейнасць мноства творчых груп. Не паспеў скончыцца XXVII фестываль, а тут ужо ведаюць, якім будзе XXVIII.

А пакуль свята працягваецца. У Летнім амфітэатры яшчэ прагучаць пазыўныя "Славянскага базару". Сёння з аншлагам прайшоў сольны канцэрт Алены Ваенгі, уначы выступяць зоркі шансона, а заўтра Віцебск сустракае гурт "Мумій Троль".