Галоўныя музеі Беларусі і Кітая сёння падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

11 июня 2014

Дэлегацыя найбуйнейшага ў свеце дзяржаўнага музея імператарскага палаца Гугун наведала з афіцыйным візітам Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Госці азнаёміліся з галоўнымі музейнымі заламі і лепшымі калекцыямі твораў мастацтва. Таксама прадстаўнікам КНР была паказана экспазіцыя старажытнага кітайскага мастацтва, якая вось ужо паўстагоддзя складае фонды Нацыянальнага музея Беларусі. Цэнтральнай падзеяй сустрэчы стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж вядучымі музейнымі ўстановамі дзвюх краін.


Кітайскае мастацтва ў галоўным музейным сховішчы Беларусі прадстаўлена з канца 50-ых гадоў мінулага стагоддзя. Кітайская Народная Рэспубліка прыняла ўдзел у пасляваенным аднаўленні беларускіх музейных фондаў, даслаўшы ў Мінск найкаштоўнейшую калекцыю з твораў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. І сёння кітайскія кераміка, фарфор, прадметы ткацтва ўпрыгожваюць залу Усходу Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.