Героі коласаўскіх твораў набываюць рэальныя абрысы

28 мая 2014

Сталічны разьбяр па дрэве Сяргей Кляшчук стварыў скульптурную кампазіцыю, што зараз ўсталёўваецца на тэрыторыі музея Песняра ў Мінску. Героі паэмы Сымон-музыка і трылогіі На ростанях Сымонка, Лабановіч і Ядвіся ў драўляным увасабленні каля двух метраў вышынёю і кожны вагою амаль паўтоны.


Надзея Сербіненка паназірала за ўсталяваннем драўляных скульптур.



Для разьбяра па дрэве Сяргея Клешчука вобразы, створаныя вялікім Песняром Якубам Коласам, асабліва блізкія. Народны майстар выразаў восем драўляных скульптур - усе паводле сюжэтаў твораў Новая зямля, На ростанях і Сымон-музыка.



На пытанне, што ж самае складанае ў разьбярстве па дрэве і стварэнні скульптуры, майстру адказаць складана. У працы важнае ўсё: ад дробязяў у перадачы рыс твару да агульнай канцэпцыі работы.



Менавіта такі выгляд мае драўляная скульптура перад урачыстым усталяваннем на пастамент. Вобраз Лабановіча патрабуе ад мастака дакладнасці ў перадачы позірку, постаці і нават мімікі. Неверагодна, але дуб можа перадаць усе дэталі вобраза.


Больш за дваццаць гадоў Сяргей Кляшчук захоплены мастацкай разьбою па дрэве. Сярод выбітных работ - інтэр'еры залаў Дома ўрада, скульптурныя партрэты знакамітых асоб. Але ж галоўная праца - цыкл скульптур мемарыяльнага комплексу Шлях Коласа ў Стаўбцоўскім раёне.


Пасля канчатковай устаноўкі трох скульптур - настаўніка Лабановіча, яго каханай Ядвісі і Сымона-музыкі - тут, у дворыку сядзібы Якуба Коласа, з'явіцца новая пляцоўка. Гэта будзе месца сустрэчы з героямі вядомых твораў, якія быццам толькі што сышлі з папяровых старонак.


Часам само дрэва падказвае майстру, што павінна з'явіцца ў канчатковым варыянце. Так, падчас выразання абрысаў постаці Ядвісі з-пад рукі скульптара з'явіліся крылы. І скульптура набыла іншы, сакральны сэнс.