Героі беларускіх легенд - у лялечных вобразах і малюнках Анастасіі Адамовіч

9 июля 2020
Героі беларускіх легенд - у лялечных вобразах і малюнках. Казачна-міфалагічная экспазіцыя аўтарскай лялькі "Задолле"  адкрылася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў - гэта персанальная выстава мастачкі Анастасіі Адамовіч. Казачныя сакрэты майстэрства разгадала наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.

"Задолле" - экспазіцыя аўтарскай лялькі

Фантазійны сусвет "Задолля" заселены характарнымі персанажамі беларускіх паданняў: "Лесавуха", "Скарбнік", "Дамавік", "Лазнік", каманда на чале з Бабай Ягой.
За далінамі, за гарамі,  там, дзе заканчваецца рэальнасць і пачынаецца казачна-міфалагічны свет. А галоўны герой у ім – лялька. Яна заўсёды кранае душу дзяцей і дарослых. На персанальную аўтарскую выставу "Задолле" запрашае майстар Анастасія Адамовіч.
Анастасія - аўтар персанажных лялек, аб'яднаных тэматыкай беларускага бестыярыя - зборніка легенд, паданняў і вераванняў беларусаў і розных міфалагічных істот у дахрысціянскі перыяд. 

Кожная лялька выканана ў адзіным экзэмпляры
Палімерная гліна, тэкстыль і трэс - асноўныя працоўныя матэрыялы лялечнага майстра - выпускніцы Беларускай акадэміі мастацтваў. 
Фонавым акампанементам для казачна-міфалагічных персанажаў выступаюць малюнкі самой Анастасіі. Рачныя німфы, русалкі - пераклікаюцца з героямі лялечнай калекцыі. Ёсць сярод іх і аўтапартрэт.
Тут прадуманы кожны нюанс. Прапрацаваны ўсе элементы і дробныя дэталі. Міфічныя вобразы і графічныя лісты ствараюць рэальны-нерэальны казачны свет.