Героем мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага стаў Хаім Вейцман

9 ноября 2014

Героем мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага стаў Хаім Вейцман - ураджэнец Брэсцкай вобласці і першы прэзідэнт Ізраіля. Тут упершыню паказаныя невядомыя факты з біяграфіі, асабістая перапіска і даследчыя адкрыцці. Як музейныя сцены сталі навуковай лабараторыяй - Юлія Чаргінец больш падрабязна.



Каранарнае шунтаванне, тканіна-антысэптык, ствалавыя клеткі - музейныя стэнды выкананыя не ў стылі імпрэсіяністаў ці кубістаў, хутчэй рэалістаў. Вытрымкі з навуковых даследаванняў кардынальна розныя тэматычна. Медыцына, адукацыя, сельская гаспадарка - ва ўсіх сферах зямляк матальчан імкнуўся зрабіць дасягненні чалавецтва яшчэ больш дасканалымі.


Цуды здзяйсняюцца, але над імі трэба папрацаваць - гэта не толькі тэма выставы, але і ідэалагічная аснова жыцця першага прэзідэнта Ізраіля. Зрабіў бліскучую палітычную кар'еру і хімічныя адкрыцці, якія пасля прадоўжылі яго паслядоўнікі ў інстытуце імя Вейцмана, крыатэрапія, навігацыйныя сістэмы, слоўнікавыя праграмы.


Выстава два ў адным - наватарствы палітыка ў навуцы і дэталі яго жыцця. Выпускнік Пінскага вучылішча далей паступае ва ўніверсітэт у Германію, Швейцарыю, выкладае ў Вялікабрытаніі. Уладальнік больш чым сотні патэнтаў, хімічныя доследы Вейцмана сталі асновай сучаснай ізраільскай навукі.


Ганна Кейнан, першы сакратар Пасольства Ізраіля ў Беларусі:



Здавалася б, Хаім Вейцман, які даўно пайшоў, тым не менш усё тое, чым можа зараз ганарыцца Ізраіль - гэта тая самая спадчына, імкненне выкарыстаць чалавечы патэнцыял, сілу чалавечай думкі.



Фота, перапіскі, уласныя рэчы палітыка-хіміка збіраліся з архіваў, музеяў Ізраіля, Вялікабрытаніі. Такая маштабная экспазіцыя ўпершыню з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння Хаіма Вейцмана.


Біяграфічна-даследчая калекцыя будзе ездзіць па ўніверсітэтах сталіцы, пасля, на дзень нараджэння першага прэзідэнта Ізраіля - 27 лістапада - адкрыецца ў Моталі, малой радзіме палітыка, які верыў і асабіста здзяйсняў цуды.