Генадзь Аўсяннікаў адзначае юбілей

19 февраля 2020
Сёння адзначае юбілей і яшчэ адна выбітная асоба.  Народнаму артысту Савецкага Саюза  Генадзю Аўсяннікаву - 85. Вялікага акцёра павіншаваў і Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што яго адданае служэнне сцэне і краіне з'яўляюцца прыкладам для моладзі. Больш за шэсць дзясяткаў гадоў ён іграе на сцэне Купалаўскага. Хоць не іграе, а жыве. І за гэта яго так любяць, за гэта ў свае гады па-ранейшаму запатрабаваны. Так, і сёння, у свой дзень нараджэння, нязменна на сцэне. Пра юбіляра  Вольга Мядзведзь. 

Дзядзька Гена, як клічуць яго ў Купалаўскім, адзначае юбілей. 85 Генадзю Аўсяннікаву, народнаму артысту СССР і Беларусі. 

Ён заўсёды жартуе, за кулісамі таксама раздае пацалункі ўсім дзяўчатам і нават злуецца так, што не страшна, а на кожнае пытанне пра тэатр, спектаклі, гастролі ў яго ёсць свая байка. Адной сцэне Купалаўскага ён служыць ўжо 63 сезон. Генадзь Аўсяннікаў - гэта той выпадак, калі выстраліў не адразу. Працаваў з сапраўды легендарнымі артыстамі і першы час быў у іх цені. 

Сапраўдны беларус, селянін, стары мужык. С першых дзён у Купалаўскім і да сённяшняга за ім замацаваліся такія амплуа. Бо нават у 20 з хвосцікам яго прызначалі на ролі дзядоў. Іграць у тэатры ён пачаў яшчэ ў студэнцкія гады. 

У 70-я ў Аўсяннікава з'явілася тая самая знакавая роля. Драматург Андрэй Макаёнак прынёс у тэатр п'есу "Трыбунал". За пастаноўку ўзяўся рэжысёр Валерый Раеўскі і даў Аўсяннікаву галоўнага персанажа - Цярэшку Калабка. Ён сыграў ва ўсіх п'есах Макаёнка, акрамя першай і апошняй. Многія нават казалі, што драматург пісаў герояў пад Аўсяннікава з Макаравай.

Дзякуючы гучнаму і запамінальнаму голасу доўгі час гучаў на радыё. Гэта была аддушына, пакуль у тэатры не вельмі запатрабаваны. Радыё ў нейкі перыяд стала другім домам. Іграў нават каменны вугаль, гарохавы суп, п'яных сантэхнікаў. Але былі і сур'ёзныя працы.

Шмат здымаўся ў тэлеспектаклях, што былі вельмі папулярныя ў тыя гады. А ў кінематографе і ўвогуле больш за 80 роляў. Ён стаў народным артыстам СССР за тыдзень да яго распаду. Кажуць, апошні з прызначаных. Таксама удастоены медаля ЮНЕСКА "Віктор Гюго" за ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, але ж пяць гадоў таму. 

Ён запатрабаваны ў тэатры нават у свае 85, што вельмі важна для любога акцёра. Генадзь Аўсяннікаў не толькі выконвае галоўныя ролі ў бягучым рэпертуары, але і запрошаны ў прэм'еры. Гэта ён шляхціц Завальня ў аднайменным спектаклі. А ў хуткім часе стане і пажылым Маркам Шагалам у пластычнай пастаноўцы пра мастака, што ў афішы з сакавіка. Гэтага персанажа ў харэаграфічным спектаклі дадумалі пад народнага артыста, бо вельмі падобны.