Генеральны прагон дзіцячага Еўрабачання

14 ноября 2014

У гэтыя хвіліны ў мальтыйскім горадзе Марса праходзіць генеральны прагон дзіцячага Еўрабачання. І ўжо праз дзве гадзіны журы выставіць адзнакі канкурсантам. Галасаванне тэлегледачоў адбудзецца заўтра падчас шоу. Прамую трансляцыю конкурсу будуць весці тэлеканалы Беларусь 1 і спадарожнікавы Беларусь 24. Гледачы міжнароднага вяшчальніка могуць падтрымаць беларуску тэлефонным званком з-за мяжы. Але паводле правілаў конкурсу, ні адна з краін не можа галасаваць сама за сябе.


Дарэчы, падчас генеральнага прагону ўсё максімальна набліжана да ўмоў рэальнага эфіру, нават галасаванне - падрабязнасці ў нашага карэспандэнта з Мальты Іны Пілевіч.


Пробнае галасаванне на дзіцячым Еўрабачанні. Падчас генеральнага прагону шоу інсцэніруюць нават падлік галасоў, а пераможца абавязаны спець на біс. Усё павінна быць так, як падчас сапраўднага эфіру.


Сёння ўсім журналістам забаронена карыстацца радыёмікфонамі на арэне, можна толькі праваднымі. Нічога не павінна перашкаджаць запісу ідэальнага гуку і відэа падчас генеральнага прагону. Бо ў сітуацыі тэхнічных непаладак заўтра на шоу рэжысёрская група дзіцячага Еўрабачання паставіць у эфір эпізод, зняты сёння.


І хаця эфір інсцэніраваны - сёння пасля генпрагону журы выставіць сапраўдныя адзнакі. Таму на ранішняй рэпетыцыі беларуская каманда яшчэ раз уважліва праглядзела кожную секунду нумара. Бо гэта апошні шанц унесці карэктывы ў гук, графіку і раскадроўку. Вызначыліся, што падчас галасавання ў эфіры будзе паўтарацца 20 секунд першага прыпеву песні Сокал.


Каласы і ў графіцы, і ў валасах беларускіх артыстак. Над вобразам працуе не толькі наш грымёр Жанна Лявонава, але і каманда Еўрабачання, каб паспець падрыхтаваць усіх да эфіру.


Цэлы дзень дэлегацыі правядуць у гэтай імправізаванай інтэрнацыяльнай кватэры. Менавіта так выглядаюць грымёркі на дзіцячым Еўрабачанні. Кожная з 16 краін-удзельніц зрабіла свой дэкор пакоя.


Ужо заўтра - прамы эфір шоу, каменціраваць які будзе спецыяльны карэспандэнт Агенцтва тэленавін Анатоль Ліпецкі. За першае месца ХІІ дзіцячага Еўрабачання канкурыруюць 13 салістаў, дуэт, трыа і квінтэт. З вакалістаў большасць - дзяўчаты і толькі адзін хлопчык з Італіі.