Галерэя "Універсітэт культуры" прапаноўвае экспазіцыю "MINIPRINT Талін - Мінск"

2 марта 2016

Работы лепшых графікаў Эстоніі на адной пляцоўцы. Галерэя "Універсітэт культуры" прапаноўвае экспазіцыю "MINIPRINT Талін - Мінск". Яна прысвячаецца Дню незалежнасці Эстонскай Рэспублікі. Літаграфія, афорт, сухая іголка, гравюра і камп'ютарная тэхніка - гэта далёка не ўсе накірункі, у якіх працуюць эстонскія майстры.

З вернісажа - наш карэспандэнт Дар'я Тарасава. Ад філіграннага характару работ да мастацтва вялікіх форм. Усяго для выставы падабрана 107 графічных твораў ад сарака чатырох мастакоў. І гэта толькі невялікая частка графічнага мастацтва Эстоніі. Работы выкананыя ў мастацкай майстэрні Таліна, дзе вось ужо 65 гадоў працуюць эстонскія графікі. Апроч графічных работ, у вітрынах выстаўлена партфоліа.

Разам з экспазіцыяй у сталіцу прыбыла і эстонская дэлегацыя на чале з куратарам выставы. Мастак па адукацыі, ён усё жыццё цікавіцца першабытным мастацтвам. Каб выканаць працу палімернай графікі, ён адправіўся на Анежскае возера і зрабіў адбіткі проста з наскальных малюнкаў, якім вось ужо 5000 гадоў. Дынамічныя дыяганалі і рэзкія лініі - візуальная мова ўспрымання лепш за словы гаворыць пра настрой графічнага мастака.

Выставу MINIPRINT ужо ацанілі ў Таліне, Пскове і Маскве. Зараз яна даступная беларускай публіцы. Гэта першы праект такога кшталту са здабыццём незалежнасці нашых краін. Дарэчы, апроч Мінска, экспазіцыю плануюць паказаць і ў абласных цэнтрах.

У галерэі эстонская экспазіцыя затрымаецца яшчэ на тры тыдні. А следам новы праект - беларуска-польская выстава іканапісу. "Прытчы" - гэта работы, выкананыя ў лепшых традыцыях царкоўнага мастацтва. Яны сабраныя на міжнародных майстар-класах і пленэрах.