Галерэя "Дом карцін" знаёміць беларусаў з лепшымі ўзорамі авангарду

17 ноября 2016

Год таму Шагал, Матыс, Далі. Сёння Пікасо, Міро і Кандзінскі. Мінская галерэя "Дом карцін" знаёміць беларусаў з лепшымі ўзорамі авангарду. У новай экспазіцыі выключна арыгіналы друкаванай графікі.

Расказвае Наталля Бардзілоўская. Майстры ХХ стагоддзя: Пабла Пікасо і яго паслядоўнікі – Васіль Кандзінскі і Хуан Міро. Класікі авангардызму прадстаўлены ў 70-ці работах. Гэта друкаваная графіка - літаграфія і афорт. Колькасна найвялікшая падборка твораў Пікасо: яго упадабаная серыя "Быкі і тарэадоры" і некалькі шэдэўраў з ранніх цыклаў. Маладзейшы зямляк Пікасо – іспанец Міро - прадстаўлены скульптурнымі замалёўкамі і абстракцыямі з розных серый. Заснавальнік рускага абстракцыянізму Васіль Кандзінскі – у графіцы некалькіх перыядаў жыцця. Спецыялісты прачытаюць эвалюцыю мастака. Кожны імянны раздзел выставы выдае характэрны почырк аўтараў.

Клімат-кантроль, спецыяльнае асвятленне і шкляныя рамкі, якія не прапускаюць ультрафіялет. А яшчэ выстава мае беспрэцэдэнтную сістэму аховы. Як вядома, работы сусветных авангардыстаў уяўляюць сабой вялікую эканамічную каштоўнасць і на сусветных аўкцыёнах год ад года толькі растуць у грашовым эквіваленце. Між іншым, Пабла Пікасо мае рэпутацыю самага папулярнага мастака сярод рабаўнікоў. На гэтай выставе кожную з работ ацэньваюць не менш чым у 50 тысяч долараў. Хаця прадстаўлены не тыя самыя "новароджаныя" арыгіналы, да якіх дакраналася рука саміх мастакоў, а так званыя першыя іх рэпрадукцыі, копіі, друкаваная графіка.

Зрэшты, для скептыкаў галерэя праводзіць некалькі майстар-класаў ад спецыялістаў, якія раскрыюць сакрэты адрознення копіі ад арыгінала друкаванай графікі. Выстаўлены авангард – апошнія набыцці групы калекцыянераў на аўкцыёнах ЗША і Еўропы.

Чатыры дарожныя куфары ў двух экспазіцыйных залах – гэта зусім не нядбайнасць арганізатараў, а задумка аўтараў выставачнага праекта. Уся ж калекцыя з краснаярскага прыватнага музея прыбыла ў Мінск вось ў такіх ёмістасцях. Зрэшты, наведвальнікам выставы дазваляецца нават прысесці на гэтыя скрыні, каб адпачыць, паглядзець, паразважаць.

Штодзённае абслугоўванне такой выставы каштуе нямала. Таму экспазіцыя-эксклюзіў будзе працаваць у Мінску толькі месяц.