Фрэскі, меркавана другой паловы XVIII стагоддзя, адкрылі ў Віцебску

13 декабря 2017

Роспіс выявілі ў будынку, дзе некалькі стагоддзяў назад знаходзіўся манастырскі корпус. А пасля рэвалюцыі ў трохпавярховым будынку размясціўся тэхнікум. Спецыялісты адкрылі толькі невялікія фрагменты, але, хутчэй за ўсё, столь распісана суцэльным дываном. Марына Раманоўская прадоўжыць.

Трохпавярховы будынак на беразе Заходняй Дзвіны жыхары абласнога цэнтра ведаюць як былы станкаінструментальны каледж. Аднак гісторыя гэтай пабудовы пачалася задоўга да таго, як тут сталі рыхтаваць кадры для прамысловасці. Некалькі стагоддзяў назад гэта быў манастырскі корпус.

Пабудову ўзвялі ў XVIII стагоддзі. У гэтых сценах размяшчаліся манаскія келлі і школа для дзяцей шляхты. Пазней будынкі базільянскага манастыра перадалі праваслаўным. А пасля рэвалюцыі тут адкрыўся механіка-будаўнічы тэхнікум.

Сам будынак з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У будучыні тут размесціцца першая гарадская гімназія. Падчас падрыхтоўкі да рэстаўрацыі спецыялісты літаральна натыкнуліся на сенсацыю. Пад фарбай захаваліся фрэскі.

Фрэскі выявілі пад некалькімі пластамі алейнай фарбы. Спецыялісты гавораць: такім чынам старажытны роспіс быў літаральна закансерваваны і таму добра захаваўся да нашых дзён. Меркавана фрэскі адносяцца да другой паловы XVIII стагоддзя. Але дакладную дату яшчэ трэба будзе вызначыць.

Спецыялісты адкрылі толькі невялікія фрагменты. Хутчэй за ўсё, столь распісана суцэльным дываном. Зрэшты, пакуль пытанняў больш, чым адказаў. Не выключана, што працы дадасца і ў праекціроўшчыкаў. Бо наўрад ці планавалася, што ўпрыгожваннем звычайнага тэхнічнага памяшкання стане старажытны роспіс.