Фотавобразы японскай гравюры 70-х гадоў пакажуць у Мінску

21 сентября 2018

Паўсотні работ, выкананых віртуознымі майстрамі, сёння прэзентуюць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Выстава падзеленая на два тэматычныя блокі: "Век фатаграфіі" і "Аўтаномія матэрыі".

Мікіта Моніч, куратар выставы: "70-я гады - залаты век японскай графікі - прадстаўленыя цэлай пляядай майстроў, у нас 14 мастакоў прадстаўлена на выставе, вось усё гэта і прывезлі ў рамках перасоўнага праекта. Да нас ён прыехаў з Эстоніі, зразумела, першапачаткова з Японіі. Нам звыкла чуць "японская гравюра" і ўяўляць сабе старую гравюру, шматколерную прыгожую Фудзіяму, хваля загінаецца… але традыцыя гэтая працягвае жыць і ў ХХ стагоддзі, з яго авангарднымі плынямі прыйшлі новыя прыёмы, новыя тэхнікі".

Вадзім Млявы, загадчык аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: "Бо ў нас гэты будынак стары, ён помнік архітэктуры, у нас тут немагчыма прадугледзець пандусы нейкія, якія былі б зманціраваныя на лесвічных пралётах, таму мы таксама атрымалі лесвічны пад'ёмнік, які дазваляе інвалідам-калясачнікам патрапіць на другі паверх і агледзець экспазіцыю".

Дзякуючы выйгранаму гранту, акрамя пад'ёмніка, у музеі з'явяцца аўдыягіды з экранамі, на якіх будзе транслявацца відэа з сурдаперакладам. А таксама 3D-прынтар і сканар для стварэння дакладнай лічбавай копіі любога аб'екта мастацтва.