Фатограф Юрый Іваноў. Менавіта яго вачамі ўвесь свет бачыў распад Савецкага Саюза

16 июня 2014

Яму прысвячаюць песні, малююць яго партрэты, хоць ён амаль заўсёды застаецца за кадрам. Фатограф Юрый Іваноў заўтра адзначыць юбілей - яму спаўняецца 75. Менавіта яго вачамі ўвесь свет бачыў распад Савецкага Саюза - ён адзіны з фотакарэспандэнтаў, хто быў у Віскулях у снежні 1991 года. Яго фатаграфія ўвайшла ў сотню лепшых у свеце за 10 гадоў. Менавіта дадзены здымак будзе прапанаваны заўтра на персанальнай выставе аўтара.


Пра тое, як і дзе стваралася легендарная Лятучка, у рэпартажы Алены Борматавай.


Цэх тонкасуконнага камбіната ў Мінску. Адзін з сюжэтаў для стварэння кнігі Адзін дзень з жыцця Савецкага Саюза. Тады, у 80-ых, для гэтай мэты сабралі 100 фатографаў - 42 былі з Саюза, 8 - з краін сацлагера і 50 з Амерыкі і Заходняй Еўропы. Людзі з камерамі раз'ехаліся па 74-х гарадах СССР. Іванову дастаўся Мінск.


Юрый Іваноў, фатограф: Нам давалі такія кодавыя нумары, мы мелі спецыяльныя пасведчанні. Фатаграфіі адбіраліся паводле прынцыпу: не па прозвішчах, а проста па якасці.


У фотакарэспандэнта АПН Іванова быў нумар 7072. Працавалі суткі. Фотамарафон складаўся з парадку 30-ці сюжэтаў для кожнага фатографа. Усё распісана па гадзінах. Сукно здымалі ў раёне 10 раніцы.


Лятучка ў ткацкім цэху, якую, без перабольшання, бачыў увесь свет, праходзіла 15 мая 1987 года. Гэта была не модная ў савецкі час пяціхвілінка, а зацяжное фотамерапрыемства. Каб атрымаць той самы вядомы здымак, які ўвайшоў у 100 лепшых фатаграфій свету за 10 гадоў, было зрасходавана 5 плёнак па 36 кадраў. Усяго лятучка ў ткацкім цэху доўжылася паўтары гадзіны.


Для гэтага праекта ўсім фатографам выдалі найноўшыя на той час фотакамеры з унікальнай плёнкай. Верагодней за ўсё, выпушчанай спецыяльна для кнігі Адзін дзень з жыцця Савецкага Саюза. Затым журы ўпадабаныя здымкі пераводзіла ў слайды.


Юрый Іваноў, фатограф: Плёнка праяўлялася ў Іспаніі. Потым ужо адзнятае перавезлі ў Амерыку. У Амерыцы рабілі макет, а надрукавалі кнігу ў Японіі.


Насамрэч падрыхтоўка да здымка заняла некалькі дзён. У цэху былі замененыя ўсе лямпы дзённага святла, усіх ткачых апранулі ў аднолькавую форму і аднолькавыя чырвоныя хусткі. Здымалі з верхняга пункта - з эстакады, яна і сёння ў цэху.


Здымак абляцеў увесь свет. І тут пачынаецца вельмі займальная гісторыя. Адной з гераінь здымка праз нейкі час прыходзіць ліст ад аўстралійскага фермера з прапановай рукі і сэрца. Маці дваіх дзяцей адказала адмовай. А неўзабаве і змяніла месца працы.


Праз 27 гадоў на камбінаце ўсё ж працуюць некалькі тых самых дзяўчат. Сёння яны не проста ткачыхі, а аператары і майстры. Твары Лятучкі заўтра можна будзе ўбачыць жыўцом - на адкрыцці персанальнай выставы фатографа Іванова.