Форум тэатральнага мастацтва ТЭАРТ афіцыйна адкрыты

3 октября 2014

Сёння афіцыйна адкрылі міжнародны форум тэатральнага мастацтва ТЭАРТ. Яго лічаць самым працяглым: першыя пастаноўкі ў рамках форуму давалі яшчэ тыдзень назад, а завершыцца ён у канцы кастрычніка. ТЭАРТ - гэта пастаянны эксперымент, але ў праграме знайшлося месца і акадэмізму. І не толькі таму, што адкрылі форум на галоўнай акадэмічнай сцэне краіны - Вялікім тэатры. Дарэчы, адкрыццё - балет Жар-птушка.


Рэпартаж Алены Борматавай.


Адразу дзве Жар-птушкі адкрывалі сёлетні форум тэатральнага мастацтва. Упершыню прэзентуюць адзіны твор Бакста ў Беларусі - эскіз касцюма Жар-птушкі, які мастак стварыў у 1922 годзе для пастаноўкі балета Стравінскага ў рамках Рускіх сезонаў Дзягілева. Ён выстаўлены ў фае Вялікага тэатра. Твор быў выкуплены летась на аўкцыёне Крысці. Мецэнаты ў асобе аднаго з камерцыйных банкаў прывезлі эскіз на радзіму мастака.


Леон Бакст, нарадзіўшыся ў Беларусі, стаў вядучым дэкаратарам Рускіх сезонаў Дзягілева - праекта, які ў мінулым стагоддзі пакарыў Стары Свет. Касцюмы з балета Жар-птушка капіравалі французскія куцюр'е, атрымаўшы знакаміты стыль а'ля рос.


Касцюмы Бакста ўжывую, як кажуць, адчуйце розніцу. З паперы на матэрыял ужо сучасныя майстры пераносілі ўсё, нават дробныя дэталі. Мноства камянёў, стразаў і яркія колеры.


На беларускай сцэне харэаграфію Фокіна аднавіў народны артыст Расіі - Андрыс Ліепа. Рэканструкцыя балета ў дакладнасці захавала сцэнаграфію і пастаноўку векавой даўнасці, калі балет давалі на сцэне парыжскай Гранд апера. Рэпертуар Паўлавай і Няжынскага зараз і ў біяграфіі нашых салістаў.


Балетная Жар-птушка не толькі афіцыйна адкрыла фестываль ТЭАРТ, але і стала першай прэм'ернай пастаноўкай 82-га сезона Вялікага тэатра Беларусі. Прэм'ерныя спектаклі ў афішы яшчэ чацвёртага і пятага кастрычніка. Усяго на беларускай сцэне адноўлены 4 дзягілеўскія спектаклі з харэаграфіяй Фокіна.


Форум жа тэатральнага мастацтва працягнецца да канца месяца. Закрыецца фестываль спектаклем Тата першай драматычнай сцэны Беларусі - Купалаўскага тэатра.