Фонды Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі папоўніў "Статут ВКЛ" выдання 1744 года

20 февраля 2016

Год культуры для Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі пачаўся з каштоўнага набыцця. Сховішча старадрукаў і рэдкіх рукапісаў тут папоўніў рарытэт - "Статут Вялікага Княства Літоўскага" выдання 1744 года. Зборнік-арыгінал, на старонках якога засяроджаны вярхоўны закон ВКЛ, - сапраўдны кніжны помнік, які зможа стаць прадметам вывучэння гісторыкаў і дапаможным дакументам для сённяшніх заканатворцаў. Такіх бібліяграфічных знаходак у Беларусі адзінкі, і за кожнай стаіць унікальная шматгадовая гісторыя пошуку і набыцця, якая часам нагадвае дэтэктыў. Так чым жа важкая нованабытая кніга і як атрымалася яе займець - ведае Наталля Бардзілоўская.

За чырвонай аксамітнай вокладкай - сотні старонак з тоўстай паперы. Па-мастацку выпісаныя вялікія літары, малюнкі гербоў і маргіналіі: алоўкавыя пазнакі на палях, зробленыя рукой старажытных карыстальнікаў, сведчаць: кніга не пылілася на паліцы, а служыла людзям. Гэта добра захаваны экзэмпляр. Друкаваны - значыць, больш позні варыянт Статута. Першыя два зборы прававых актаў былі рукапісныя і распаўсюджваліся спісамі. Ужо самы пачатковы фаліянт стаў абагульненнем дзяржаўнага, грамадзянскага і крымінальнага права. Другі варыянт удасканаліў звод з улікам сацыяльных, эканамічных і палітычных змен.1588-ы - у друкарні купцоў Мамонічаў на грошы Льва Сапегі выдаецца яшчэ адзін, але ўжо друкаваны Статут з самым аўтарытэтным юрыдычным зборам (гэты варыянт меў сілу доўгі час пасля распаду Вялікага Княства Літоўскага) .

Statutum - ад лацінскага «звод законаў». Друкаваны Статут ад Мамонічаў выйшаў накладам больш за 4 тысячы экзэмпляраў. Потым тройчы перавыдаваўся ў беларускамоўных варыянтах. А ў 17-ым стагоддзі - яшчэ трохразовы выхад, ужо па-польску. Відавочна, кніга для сваіх часоў была нярэдкая, амаль настольная. Але ваенныя трагедыі, якія прайшлі па нашай зямлі, ператварылі Статут (як і многія іншыя нацыянальныя старадрукі) у музейную рэдкасць. Экзэмпляры раскіданыя па ўсёй Еўропе. Знайсці іх - падобна подзвігу. На сённяшні дзень Беларусь вярнула з дзясятак арыгіналаў Статута. Самым вядомым дагэтуль лічыўся Статут 1588 года (захоўваецца ў Магілёве). Цяпер жа - знаходка Прэзідэнцкай бібліятэкі.

Выданы ў Вільні ў акадэмічнай друкарні Ордэна езуітаў «року Панскага 1744-га года» Статут Вялікага Княства Літоўскага гэты - на польскай мове (пазней будуць пераклады на лацінскую, французскую, нямецкую і рускую). Але менавіта гэты збор дзяржаўна-прававых актаў і быў набыты на тэрыторыі сучаснай Польшчы.

Бясцэнны старадрук выкуплены на міжнародным аўкцыёне. Пошук вялі навукоўцы-энтузіясты Дзмітрый Яцкевіч і Андрэй Радкоў. Статут - не першая і не адзіная кніга, вернутая імі ў Беларусь.

Пагартаць старонкі Статута стане магчымым для любога ахвочага. Да таго ж, Прэзідэнцкая бібліятэка рыхтуе алічбаваную версію кнігі. Увогуле, фонды Прэзідэнцкай бібліятэкі валодаюць амаль 70-цю тысячамі старадрукаў, большасць з якіх на тэму «Дзяржава і права».