Фонды Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі сталі багацейшымі

14 февраля 2018

Вяртанне культурных каштоўнасцяў: сёння фонды Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі сталі багацейшымі на 11 твораў выяўленчага мастацтва. Жывапіс, графіку і скульптуру галоўнаму музею нашай краіны перадаў у дар знакаміты еўрапейскі калекцыянер, гаспадар галерэі МC Fine Art у княстве Манака Георгій Хацянкоў. Творы мастацтва, з якімі гледача чакае знаёмства, убачыла Наталля Бардзілоўская.

Манументаліст Аляксандр Кішчанка, знакаміты самым глабальным з Кнігі рэкордаў Гінеса "Габеленам стагоддзя", раптам... тонкі лірык у партрэце жонкі. Мастак-гісторык Аляксей Марачкін і яго "Кара з неба". Аўтар мемарыялаў Уладзімір Слабодчыкаў – з тонкай камернай скульптурай. І памяці Галіны Гаравой – трыпціх, ад якога вее архаікай, "Дачкі прыроды". Падарункі з Манака бачылі Нью-Ёрк і Масква. А ў Мінску гэта невядомыя дагэтуль работы нашых сучаснікаў. Здавалася б, знаёмыя, нават хрэстаматыйныя беларускія аўтары, але цяпер адкрываюцца быццам нанова, выстава ўзбагачае ўяўленні пра іх почырк і стыль.

Толькі чатыры дні яны ў выставе, потым – атрыбуцыя, рэстаўрацыя, і падарункі Георгія Хацянкова ўвойдуць у музейныя фонды. Сам дарыльшчык толькі праз пэўны час прыбудзе ў Мінск, каб атрымаць сертыфікат аб прыёмцы Мінскам яго работ і падзячны ліст за дарэнне. Сёння ж яго дар прадставіла дыпмісія - Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, а таксама Іспаніі і Партугаліі Павел Латушка.

Георгій Хацянкоў – наш зямляк, ураджэнец вёскі на Гомельшчыне. Дзяцінства і юнацтва правёў на малой радзіме, але потым – навучанне і кар'ера ў Расіі: Іркуцкі ўніверсітэт, Маскоўская вышэйшая партыйная школа. Палітык. Медыядзеяч. Наш калега працаваў журналістам на радыё і тэлебачанні. Яшчэ займаючыся журналістыкай, у 80-х стаў збіраць калекцыю жывапісу. З часам гэта перарасло ў справу жыцця.

У калекцыі Хацянкова каля 5 000 работ. Жывапіс і графіка больш як пяцісот майстроў. Перш-наперш збіральнік славуты вялікай колькасцю работ мастакоў Парыжскай школы. У яго зборы Суцін і іншыя эмігранты, якія пісалі ў Францыі на пачатку ХХ стагоддзя.

Вялікае дарэнне як выказванне павагі з боку калекцыянераў. Сёння - не першая мецэнацкая акцыя ў галоўным музеі краіны.

Акрамя прыняцця ў дар Нацыянальны музей Беларусі вядзе свой пошук. Фонды папаўняюцца дзякуючы экспедыцыям супрацоўнікаў па ўсёй Беларусі. Такім чынам ужо сабрана ўнікальная калекцыя беларускага шкла і крышталю, палотны Аракчэева, Цвірко і іншых класікаў.