Фларысты экспануюць навагоднія кампазіцыі

14 декабря 2013

Больш за 100 дызайнерскіх прац прадэманстравана на выставе ў Палацы чыгуначнікаў. Святочныя вянкі, пано, калажы, і, безумоўна, неверагодныя навагоднія ёлкі сапраўды ўражваюць. Дарэчы, майстры прызналіся, што выраб адной кампазіцыі шмат часу не займе. Ці можна зрабіць фларыстычны шэдэўр за дзве гадзіны? Ставіла эксперымент - Надзея Сербіненка.


Усе святочныя кампазіцыі падзелены па тэматыцы і колеры. Тут і ружова-чырвоны куток, і традыцыйныя сярэбраныя і залатыя ўпрыгажэнні, і чорна-белы класічны стыль. Галоўны ж атрыбут выставы, вядома, навагодняя ёлка.


Працы, прадэманстраваныя на выставе, вельмі розныя як па стылі, так і па тэхніцы выкананння. У якасці будаўнічага матэрыялу фларысты выкарыстоўваюць мох, гліну, салому і пластык. Але аб'ядноўвае ўсе работы адно - святочная тэматыка.


Таццяна - фларыст з дзесяцігадовым стажам. Яе працы, на першы погляд, лаканічныя, заўсёды адрозніваюцца вельмі старанным выкананнем. А ўсё таму, што Таццяна - прафесійны інжынер-канструктар. Кожны год яна чакае зімовых свят, каб зноў стварыць непаўторную кампазіцыю.


Актыўныя наведвальнікі святочнай выставы - таксама юныя фларысты. На гуртковых занятках у турыстычна-экалагічным цэнтры дзеці майструюць вырабы з натуральных матэрыялаў.


Пяцікласнік Мацвей паспрабаваў разгадаць сакрэт вырабу незвычайнай статуэткі, а больш дакладна - цацачнага сабакі.


Займаецца ж з дзецьмі Алена, таксама фларыст. Не толькі педагагічны талент - пачуццё густу і прыгажосці дапамагае ёй ствараць адны з самых цікавых экспанатаў выставы.


Дарэчы, менавіта стыль хай-тэк многія фларысты сёлета абралі за асноўны. Але і натуральнасць кампазіцый зараз у трэндзе. Тэхніка тэра, сувязь з зямлёй, увасабляе экалагічнасць і прыродную самабытнасць работ.