Фільм "Розум" выходзіць на вялікія экраны

8 декабря 2016

Першы беларускі фантастычны дэтэктыў сёння выходзіць на вялікія экраны. Фільм "Розум" - гэта дэбютны праект у мінулым юрыста Яўгена Куранчаніна. Убачыць навінку нароўні з заходнімі бестселерамі можна ў 5 кінатэатрах. Пра фантастыку па-беларуску - Вольга Мядзведзь.

Поўны мастацкі метр за семнаццаць дзён. Менавіта столькі часу спатрэбілася на здымкі першай айчыннай фантастыкі. Але перад гэтым больш за год на напісанне сцэнарыя, паўгода на падрыхтоўку і дамоўленасці, столькі ж на постпрадакшн. Асноўная здымачная пляцоўка - Мінск. У фільме задзейнічаны трыццаць пяць месцаў. Адным з іх стаў спецыялізаваны гадавальнік у Браслаўскім раёне. Там здымалі сцэны з небяспечнымі акцёрамі. У кадры - драпежнікі.

Дэбютант Яўген Куранчанін да "Розуму" не меў ніякіх адносін да кінематографа. Шукаў сябе ў розных сферах, у тым ліку і ў бізнесе. У выніку прыйшоў у кіно, пра якое марыў з дзяцінства.

Здымаў фантастыку за ўласныя грошы. Фінансава падтрымалі і сябры. Да дэбютанта-рэжысёра далучыўся і малады беларускі фэшн-дызайнер Апці Эзіеў. Ён не толькі ўпершыню ствараў вобразы кінагероям, але і сам зняўся ў эпізодзе фільма.

Дэтэктыў здымалі паводле сучасных канонаў на лічбавыя носьбіты. Гэта дазволіла стварыць пэўныя спецэфекты.

Адна з тэорый квантавай фізікі цяпер на экранах сталічных кінатэатраў. Кіраваць часам пры дапамозе сілы думкі даручана героям з нетыповымі для нашага рэгіёна імёнамі, такімі як Майкл, Соўл, Дані, Нік і іншыя. Аднак гэтыя ролі ў рэальнасці дасталіся сталічным акцёрам ТЮГа і купалаўцам.

Да асноўнага складу беларусаў далучыліся і замежныя акцёры. Гэта зрабіла праект інтэрнацыянальным. На здымкі ў Мінск прыляталі артысты з Марока, Швейцарыі, Украіны і Расіі.