Філіял Літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча ў вёсцы Ракуцёўшчына святкуе 25-годдзе

26 июля 2019

Месца, дзе больш як стагоддзе таму Максім Багдановіч не толькі адпачываў, але і натхняўся на мноства паэтычных радкоў. Гэтыя выхадныя філіял Літаратурнага музея імя беларускага класіка ў вёсцы Ракуцёўшчына святкуе 25-годдзе. Доўгі час аб гэтым фальварку не было вядома. У 70-ыя гады мінулага стагоддзя гісторыкі праязджалі вёску за вёскай, апытваючы старажылаў, у пошуках фальварка Багдановіча.

Аб успамінах таго самага лета, калі паэт вярнуўся на радзіму, - у рэпартажы Вольгі Мядзведзь.

У 1911 годзе ён правёў самае запамінальнае лета за сваё кароткае жыццё, аб гэтым сведчаць успаміны сяброў. Дваццацігадовы Максім Багдановіч вярнуўся на радзіму, у Беларусь, няхай усяго на два з паловай месяцы, але натхніўся на свае найлепшыя творы: дзве паэмы "У вёсцы" і "Вераніка"; а таксама два цыклы вершаў: "Место", прысвечаны Вільні, і "Старая Беларусь".

Фальварак належаў дзядзьку братоў Луцкевічаў, і Багдановіча пасялілі ў невялічкі дом арандатара. Пісьменнік шмат гутарыў з мясцовымі жыхарамі, слухаў беларускую мову і даследаваў навакольную прыроду. Напрыклад, часта бываў ля крынічкі і нават прысвяціў ёй чатырохрадковы верш. Дарэчы, гідралагічны прыродны помнік адзінае, што засталося ў нязменным выглядзе з тых часоў. Зараз крыніца названая ў гонар пісьменніка.

Верш "Слуцкія ткачыхі" - адзін з самых знакамітых і сапраўды хрэстаматыйных у Максіма Багдановіча. І напісаны ён менавіта тут, у Ракуцёўшчыне, сумесна з усім цыклам "Старая Беларусь". Пасля гэтых твораў пісьменнік і вырашыў стварыць свой адзіны зборнік "Вянок".

Пасля вяртання ў Яраслаўль ён не раз узгадаваў лета ў Ракуцёўшчыне. Але да беларускіх даследчыкаў не дайшлі звесткі пра гэтае месца. Пасля Айчыннай вайны тут увогуле засталася толькі адна гаспадарская хата. Сядзіба пераходзіла не па спадчыне, а належала розным людзям. Пры музеефікацыі ўладальнікам фальварка пабудавалі дом па суседстве, каб тут абсталяваць усё пад часы Багдановіча.

З Ракуцёўшчынай звязаныя таксама і рамантычныя прыгоды Багдановіча. Тым летам адпачывала пляменніца пана Луцкевіча, Эмілія Шабуня з двухгадовай дачкой. Дарэчы, дзяўчынка, але ўжо ва ўзросце 97 гадоў, падзялілася з музеем матулінымі ўспамінамі, напрыклад, у пісьменніка былі прыгожыя рукі, ён вельмі любіў маленькіх дзетак.