Фестываль у мястэчку Будзенічы аб'яднаў жыхароў і гасцей раёна

18 июля 2016

Народныя спевы, танцы і выстава майстроў пад адкрытым небам. На працягу лета кожны тыдзень адна з вёсак Мінскай вобласці праводзіць народныя гулянні. На гэты раз традыцыю падтрымаў Старадарожскі раён.

Фестываль ладзілі ў мястэчку Будзенічы. Маленькая вёска з паўвекавой гісторыяй аб'яднала жыхароў і гасцей раёна. Пра захаванне беларускіх традыцый рэпартаж Юліі Токар.

Маленькае па плошчы, але ж з паўвекавой гісторыяй мястэчка Будзенічы Старадарожскага раёна на свята вёскі аб'яднала каля сотні гасцей. На радзіму да бацькоў разам з сям'ёй прыехаў і Андрэй Каролька. Тут прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. Галоўны ўрач мінскай абласной бальніцы заўсёды з радасцю вяртаецца дадому.

На імправізаванай сцэне Будзенічаў гучна і заўзята спяваюць песні, дэкламуюць народных паэтаў і танцуюць. Адзначаць у аддаленых мястэчках Мінскай вобласці свята вёскі стала ўжо добрай традыцыяй.

Свята аб'яднала ўсіх жыхароў мястэчка. Кіраўніцтва сельсавета і раёна ўшанавала самых паважаных людзей Будзенічаў - працаўнікоў вёскі, доўгажыхароў і ветэранаў Вялікай Айчынай.

Падчас свята разгарнулася і выстава майстроў. Марына Сыцько прывезла аўтарскую калекцыю лялек. Вяснянкі, неразлучнікі, кубышкі - далікатныя абярэгі стварыла са звычайных абрэзкаў тканіны.

Але ж самым папулярным рамяством у Старых Дарогах былі і застаюцца ткацтва і ручная вышыўка.

А вось гэтая лялька Старадаражанка ўвасабляе асаблівы стыль раёна. Традыцыйны андарак - льняная спадніца. І галоўны элемент касцюма - наметка. Менавіта такі галаўны ўбор жанчыны Будзеніч і павязвалі падчас святаў.

Такія каларытныя фестывалі ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці працягнуцца да восені. Свята вёскі - гэта яшчэ і нагода трымаць дом у парадку, каб госці ацанілі ўтульнасць і самабытнасць мястэчка.