Фэст сярэднявечнай культуры пад Мінскам

21 июля 2018

Сёння пад Мінскам разгарнулася Грунвальдская бітва. Тысячы беларусаў і прыхільнікаў старога з-за мяжы на 2 дні пагрузіліся ў атмасферу Сярэднявечча. Вось ужо 10-ы раз гасцей прымае міжнародны фэст "Наш Грунвальд". Форум прысвечаны маштабнай бітве, зыход якой паўплываў на гісторыю ўсяго рэгіёна, у тым ліку і нашых земляў.

За рэканструкцыяй бою сачыла мая калега Іна Пілевіч.

Ваяваць, як 6 сотняў гадоў таму. Нібы 15 ліпеня 1410-га тэўтонцы б'юцца з саюзным войскам Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Але гэта толькі тэатралізацыя. Каб рэканструяваць Грунвальдскую бітву, сучасныя рыцары сёння сабраліся пад Мінскам.

Узнаўляюць падзею дэталёва - ад вонкавага выгляду байцоў да тактычных перамяшчэнняў войскаў. І калі ў адной з самых грандыёзных бітваў у гісторыі сярэднявечнай Еўропы ўдзельнічалі тысячы, то ў тэатралізацыі задзейнічана каля пяцісот адважных. На рысталішчы - прадстаўнікі больш як 70 клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі, Літвы. Дзеля інсцэніроўкі легендарнай бітвы з Масквы былі дастаўленыя пародзістыя скакуны.

Ніякіх паддаўкоў і муляжоў - усё па-сапраўднаму. Зброя таксама ўзноўлена з гістарычнай дакладнасцю. Але, паводле правілаў фэсту, не завострана. Тым не менш, экстрыму і траўм у бітвах больш чым дастаткова. Таму на фэсце дзяжурыць брыгада медыкаў.

Далёкім ад бітваў гасцям свята тут таксама лёгка знайсці занятак па душы. Можна адчуць сябе кавалём, збройнікам, ткачом, кухарам з мінулага. Навучаюць і танцаваць пад сярэднявечныя рытмы. Ад світанку да заходу - фальк-рок open-air. І так на працягу двух дзён.

Заўтра на фэсце сваё майстэрства прадэманструюць вершнікі. Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі адбудзецца поўнакантактны конны турнір на цэльнадраўляных дзідах па правілах 15-га стагоддзя. Падобны фармат праводзіцца толькі ў трох краінах. У экстрэмальнай бітве пераможа той, хто, нягледзячы на нападкі праціўніка, зможа ўтрымацца ў сядле.