Фестываль "Славянскі базар" праходзіць у рэжыме нон-стоп

16 июля 2016

Менш чым праз гадзіну на сцэну Летняга амфітэатра выйдуць фіналісты XXV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Беларус Аляксей Грос, які напярэдадні паспяхова пераадолеў паўфінал, па выніках жараб'ёўкі выступіць пад нумарам 13.

Вольга Маслоўская перадае з фестывальнага Віцебска. Фестываль у рэжыме нон-стоп. Мінулай ноччу апошні канцэрт завяршыўся з першымі промнямі сонца, і ўжо раніцай пачаліся новыя рэпетыцыі і саўндчэкі. "Славянскаму базару" мала адных сутак і не дастаткова адной сцэны. Тэатральныя пастаноўкі і перформансы праходзяць пад адкрытым небам.

А заўтра ў дэкарацыях Пушкінскай плошчы паставяць чарговы фестывальны рэкорд. Больш чым дзесяць гадзін тут будуць гучаць вершы пра Віцебск, яго гісторыю і знакамітых землякоў. Вершамарафон стартуе а 7-й гадзіне раніцы і завершыцца на заходзе. Недахопу ў арыгінальных ідэях у Віцебску няма. Такой колькасці крэатыўных праектаў на квадратны метр, як сёння, гараджане яшчэ не бачылі. На фестывалі Дзень моладзі.

Пра тое, што сёння горад аддадзены маладым і крэатыўным, віноўнікі свята заявілі парадам. Хіп-хоперы, брэйкдансеры, мастакі бодзі-арт, скейтары - прадстаўнікі адоранай і творчай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны сёння ў Віцебску.

Удзельнікі Дня моладзі зараджаюць энергіяй і дораць гасцям музычнага свята кветкі. Я не стала выключэннем. У трэндзе сімвал "Славянскага базару" - васількі.

Завершыцца моладзевае свята бітвай дыджэяў. І сёння гэта не адзіны музычны батл. Скончылася першае конкурснае выступленне ўдзельніц дзіцячага пеўчага спаборніцтва. Цікаўны факт: сёлета на віцебскай сцэне толькі прадстаўніцы прыгожай паловы. Балы выстаўленыя, але, па традыцыі, іх журы не аб'яўляе, каб не сапсаваць баявы настрой юных артыстак. Заўтра другое конкурснае выступленне.

А ў Летнім амфітэатры сёння будзе вырашацца лёс маладых артыстаў. Напярэдадні журы выбрала 15 фіналістаў, і беларус Аляксей Грос сярод іх. Песня Уладзіміра Мулявіна "Ой, дожджык ідзе" прынесла яму першы поспех на "Славянскім базары". Сёння маладыя выканаўцы будуць спяваць у суправаджэнні канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга. Беларускі канкурсант выйдзе на сцэну 13-м.