Фестываль "Лістапад" у самым разгары

10 ноября 2015

Аматары кінамастацтва ў гэтыя дні могуць нацешыцца шэдэўрамі самых розных жанраў і фарматаў. Свята кіно "Лістапад" жыве ў рабочым рытме паказаў, творчых сустрэч і майстар-класаў. Наша здымачная група паглядзела праз прызму адразу трох кінадыялогаў: сустрэча з зоркай блакбастара "Эверэст", падвядзенне вынікаў конкурсу нацыянальных кінашкол і дэбют у праграме беларускага кіно нашай калегі. Усё самае цікавае - у Наталлі Бардзілоўскай.

У самым разгары, але ўжо выставіў свае ацэнкі. Сёння "Лістапад" падвёў вынікі конкурса нацыянальных кінашкол. Спаборніцтва пачаткоўцаў у кіно вядзе сваю гісторыю з 2012 года, але сёлета было як ніколі багатым на геаграфію і ўдзельнікаў: рэжысёры з Кубы, Чэхіі, Польшчы, Расіі, Эстоніі… 26 кінастужак, у асноўным дакументальныя кароткаметражкі - гэта найбольш даступны жанр для самарэалізацыі маладых, бо ж яны пакуль не маюць вялікіх бюджэтаў.

Дыпломамі адзначылі "Слімакоў" з Польшчы, беларускі фільм "Апустыньванне", "Дарогу да храма" Пабла Рохаса і "Развітанне" Алехандра Алонса. Але галоўны прыз журы на чале з італьянцам Хэйдзі Гранаўэрам аднадушна аддало фільму "Ямаха" Іны Амельчанкі - між іншым, выпускніцы школы дакументальнага кіно Расіі Марыны Разбежкінай. Кінагісторыя пра маладога хлопца, які працуе прадаўцом гіпермаркета, жыве ў камуналцы, але сур'ёзна марыць пра кар'еру музыканта, крануў кінасуддзяў менавіта лёсам і непасрэднасцю галоўнага героя.

А вось прагляды конкурсу нацыянальнага беларускага кіно журы сёння толькі пачало. 34 кінастужкі: ігравыя, дакументальныя, анімацыя. Паказы будуць ісці ажно да апошняга фестывальнага дня, 12 лістапада. Зрэшты, вельмі прыемная акалічнасць: старт нацыянальнаму конкурсу давала работа нашай калегі - рэжысёра Белтэлерадыёкампаніі Юліі Ганчар.

Выхад на сцэну і праходжанне па фестывальнай чырвонай дарожцы для нашай Юлі быў першым у жыцці. Аўтар знаёмага тэлегледачу праекта "Зямля беларуская" і рэжысёр праграмы "Сіла веры" - дэбютант у кіно.

Стужка, якую Юлія прапанавала на "Лістапад", - яе ўласная, сваімі сіламі зробленая работа, у якой тэлерэжысёр спраўджвае сваю даўнюю мару - здымаць кіно. "Адам" - трыццаціхвілінная дакументальная навэла пра 80-гадовага старога, які не пабаяўся застацца жыць у зоне адсялення - чарнобыльскай зоне - і знайшоў шчасце сам-насам з прыродай. Герой - рэальны чалавек, жыхар палескай вёскі. Здымкі фільма праходзілі ў закінутых месцах.

У стужкі "Адам" ужо ёсць узнагарода: улетку работа ўзяла прыз на дзясятым міжнародным фестывалі аўтарскага кіно ў Батумі. Акрамя яе, на "Лістападзе" будуць паказаныя фільмы іншых маладых беларускіх рэжысёраў.

Асноўнай пляцоўкай конкурсу нацыянальнага кіно па традыцыі стаў кінатэатр "Мір". А вось у "Цэнтральным" нам спатканне сёння прызначыў сам Анатоль Букрэеў - дакладней, Інгвар Сігурдсан, ісландзец, які сыграў галоўную ролю легендарнага альпініста ў галівудскім блакбастары "Эверэст" (фільм быў і ў беларускім пракаце).

У Мінску, як і ў Беларусі, Сігурдсан упершыню. Нават не быў у Расіі, жыхара якой сыграў. "Эверэст" здымалі ў італьянскіх Альпах.

Звычайна герой трылераў і прыгод, на мінскім кінафестывалі Сігурдсан не столькі як запрошаны акцёр, колькі як член журы конкурсу "Маладосць на маршы" і прадстаўнік ісландскай кінашколы. Прэзентуе работу земляка Рунара Рунарсана "Вераб'і" - гісторыю падлетка са складанай сям'і.

Інгвар Сігурдсан, акцёр (Ісландыя): "Я ўпершыню ў якасці конкурснага суддзі і хачу адзначыць: для мяне важна не выбраць лепшага. Усе тыя фільмы, якія ёсць у праграме, ужо перамаглі сваёй прысутнасцю тут. Мне проста цікава глядзець на асаблівасці нацыянальных кінашкол. Лічу, што конкурс, як і фестываль, - гэта проста свята сустрэч і знаёмстваў, а не імкненне да прыза".

Паміж конкурснымі сеансамі Інгвар Сігурдсан стараецца прагуляцца па мінскіх вуліцах: яшчэ да прыезду на "Лістапад" ён марыў пазнаёміцца з беларусамі, адчуць атмасферу і энергетыку нашай краіны.