Фестываль Анімаёўка-2014 адкрыты

17 сентября 2014

Сёння ў Магілёве ўрачыста адкрылі 17-ы Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў Анімаёўка. Сёлета ў свяце мультыплікацыі прымаюць удзел мультыплікатары з 39 краін свету. Усяго ў праграме амаль 160 прац. 85 з іх адабраныя для ўдзелу ў конкурсе на званне лепшага дзіцячага фільма. Апроч праглядаў, якія будуць арганізаваныя ў кінатэатрах і нават на вуліцы, падчас фэсту запланаваныя тэатралізаваныя шоу для дзяцей, майстар-класы, а таксама творчыя сустрэчы са шматлікімі цікавымі гасцямі.


Расказвае Уладзімір Сёмкін.


Беларусь, Расія, Італія, Балгарыя, Францыя. Акрамя іх, у фэсце ўпершыню прымаюць удзел Калумбія, Сінгапур, Сірыя. Анімаёўка сабрала мультыплікатараў з 39 краін, якія прапанавалі больш як 200 прац. Прадстаўнікі журы выбралі 85.


Як ніколі моцную праграму прапанавалі айчынныя аніматары. Усяго дзесяць фільмаў, 7 з якіх вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі Беларусьфільм.


Адкрыццё фэсту - гэта пачатак свята. А таму яно павінна быць вясёлым і маляўнічым. Плошча Зорак у Магілёве сёння ператварылася ў маленькую казачную краіну.


Усё таемнае становіцца відавочным. Сярод прыхільнікаў Анімаёўкі дарослых больш, чым дзяцей. Праўда, эмоцыі і тых, і другіх аднолькавыя.


Ну і які ж фэст без чырвонай дарожкі? Сёння па ёй прайшлі ўдзельнікі фестывалю, а таксама яго ганаровыя госці. Сярод якіх і вядомы расійскі тэлевядучы, прадзюсар, пісьменнік Леанід Якубовіч.


Леанід Якубовіч, народны артыст Расіі: Фестываль дае дарогу да шчасця. Дай Бог, паколькі гэта дзіцячая душа, то гэта асаблівая далікатная, лёгка ранімая, якая імгненна ўспрымае тое добрае і злое. Падмануць якую нельга. Ды і не атрымаецца….


Паводле традыцыі, Анімаёўка выходзіць за межы горада. Прагляды будуць праводзіцца і ў іншых гарадах вобласці.


Дарэчы, гэты раз у Магілёве мультфільмы можна будзе глядзець не толькі ў кінатэатрах, але і на вуліцы. Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця на плошчы Зорак пачнецца мантаж вялікага экрана, на якім кожны ахвочы зможа ўбачыць конкурсную і пазаконкурсную праграмы.


Сусветнай сталіцай мультыплікацыі Магілёў стане на пяць дзён. За гэты час пройдуць не толькі прагляды. Запланаваныя тэатралізаваныя шоу, выставы беларускіх майстроў, конкурсы дзіцячага малюнка і прыкладнога мастацтва. А таксама творчыя сустрэчы з вядомымі гасцямі фэсту. І іх анімацыйнымі героямі.