Фёдар Лысенка - фіналіст народнага праекта "Я магу!"

2 апреля 2015

Кар'еру рок-музыканта ён прамяняў на сольнае выкананне. У незвычайнай тэхніцы фінгерстайл. І больш за тое, сёння ён гатовы падзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі з кожным. Фіналіст народнага праекта "Я магу!" Фёдар Лысенка, ён жа Ферджыа, сёння акрамя кар'еры на сцэне навучае ігры на гітары. На ўрок трапіла і наш карэспандэнт Антаніна Станкевіч.

Яго незвычайная манера выканання ўразіла не толькі журы народнага шоу "Я магу!", але і тэлегледачоў. Менавіта дзякуючы такой падтрымцы, выканавец Фёдар Лысенка , ён жа Ферджыа, сёння з гонарам гаворыць: "Я здолеў прайсці ў фінал самага таленавітага шоу на беларускім тэлебачанні".

У перапынках паміж выступленнямі і тэлевізійнымі здымкамі мы заспелі гітарыста дома. Фёдар не толькі выканавец, але яшчэ і педагог. З задавальненнем дзеліцца сваімі ведамі з вучнямі. Пад такім кіраўніцтвам новая тэхніка "бою" лёгка пакараецца яго вучаніцы Ілоне.

У невялікім пакоі ўсё гаворыць аб тым, што тут жыве музыкант. Мноства апаратуры, пласцінкі. Адных гітар толькі 5 штук! Мы заўважылі сярод іх электра- і бас-гітару. Раней Фёдар іграў у рок-камандзе. Як прызнаецца фіналіст праекта "Я магу!", пасталеў і выбраў сольную кар'еру. Зрэшты, часам хочацца ўспомніць маладосць.

У рэпертуары выканаўца - народныя песні, сучасная поп-эстрада і лірычныя рок-балады. Усё гэта ён іграе ў тэхніцы фінгерстайл, ад чаго гук атрымліваецца аб'ёмным. Аднак не толькі музыкай жыве Фёдар.

Ферджыа, ён жа Фёдар Лысенка, нярэдка жартуе: "Калі б не склалася з музычнай кар'ерай, пайшоў бы ў вялікі спорт". Прынамсі, настольны тэніс у яго выдатна атрымліваецца.

Ужо напрыканцы красавіка выканаўцу прыйдзецца даказаць журы і тэлегледачам, што ён можа граць на гітары лепш за іншых. Дарэчы, колькасць прыхільнікаў праекта расце. Толькі ў дзень эфіру паўфіналу на сайце Белтэлерадыёкампаніі зафіксавана 8 з паловай тысяч праглядаў, а за тыдзень гэта лічба вырасла амаль удвая. Не лічачы тых, хто правёў гэты вечар ля тэлевізара. Актыўней за ўсіх галасавалі Брэст, Гомель Віцебск, Баранавічы і сталіца.