Федэрацыя прафсаюзаў працягвае пошукі талентаў у глыбінках краіны

10 апреля 2015

"Новыя галасы для любімай краіны". Пад такім дэвізам Федэрацыя прафсаюзаў працягвае пошукі талентаў у глыбінках краіны. Конкурс праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры і Белтэлерадыёкампаніі. Прафсаюзныя арганізацыі працоўных калектываў і ВНУ адбіраюць на конкурс сваіх дэлегатаў ва ўзросце ад 16 да 31 года. Праект стартаваў 16 лютага, а сёння ў Маладзечне прайшоў фінал мінскага абласнога конкурсу.

Разам з журы працоўную эліту краіны па творчых паказчыках ацэньвала Юлія Лосікава.

Рабочы дзень у гэтых маладых людзей ужо некалькі месяцаў запар ненарміраваны. Пасля, а часам і замест працоўнай змены ў іх рэпетыцыі. Раённыя і гарадскія адборачныя туры ў мінулым. Наперадзе самае галоўнае - фінальны рэспубліканскі этап. Гэта першы ў краіне вакальны конкурс для прафесійных працоўных калектываў. На прафсаюзны заклік адгукнуліся больш за 4 тысячы чалавек.

Сярэдні ўзрост удзельнікаў - 25 гадоў. У кожнага свая асноўная прафесія. Сярод канкурсантаў ёсць настаўнікі, машыністы і нават урачы. Словам, тыя, хто не можа дзеля сцэны пакінуць свой пост. Арганізатары конкурсу і члены журы гэта добра разумеюць: самі ездзяць па абласцях у пошуках талентаў.

Свайго дэлегата ў кожным прафсаюзе падтрымліваюць усім калектывам не толькі крычалкамі і плакатамі. Над нумарам таксама працавалі ўсім працоўным складам. Шылі касцюмы, развучвалі танцавальныя нумары, куплялі неабходны рэквізіт і нават заказвалі светлавыя фільтры. Журы неабходна паказаць поўнасцю гатовы прадукт.

Хто выйдзе ў фінал, вызначаць суддзі. На кожным этапе да асноўнага складу журы далучаюцца і мясцовыя музычныя профі: педагогі, канцэртмайстры, вакалісты. Падчас конкурсных адбораў суддзі павінны не проста паставіць балы за выступленне, але і азнаёміцца з біяграфіяй спевакоў.

У адборачных турах выканаўцаў ацэньваюць па 10-бальнай сістэме. Ля прозвішча кожнага ўдзельніка адзначаюць агульны ўзровень падрыхтоўкі нумара. Нягледзячы на тое што на сцэне непрафесіяналы, кожнага ўдзельніка разглядаюць у якасці будучай зоркі.

Адборачныя абласныя этапы завершацца на наступным тыдні ў Магілёве. Галасістыя канкурсанты (а іх не больш за 40 чалавек) 16 красавіка сустрэнуцца ўжо ў Мінску на рэспубліканскім конкурсе. Пасля з фіналістамі на працягу двух тыдняў будуць займацца прафесійныя педагогі, каб падрыхтаваць новаспечаных вакалістаў да фінальнай шоу-праграмы.