Фан-клуб "Еўрабачання" хварэў за NaviBand у Мінску

12 мая 2017

Прамую трансляцыю шоу вялі тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24", што характэрна, упершыню на беларускай мове. У Мінску ля экранаў тэлевізараў нашу каманду падтрымлівалі не толькі фанаты, але і калегі па сцэне. З еўравізійнай вечарынкі - рэпартаж Іны Пілевіч.

Хаця па правілах “Еўрабачання” ніводная краіна не можа галасаваць сама за сябе, беларусы ўсё роўна паставілі нашым прадстаўнікам на конкурсе 12 балаў. Вечарынку пад такой назвай у Мінску арганізаваў фан-клуб папулярнага песеннага шоу, які аб'ядноўвае прыхільнікаў праекта больш як з 40 краін.

Вечарынка пачалася за тры гадзіны да пачатку трансляцыі. У сталічным кафэ сабраліся артысты, якія некалькі месяцаў таму былі канкурэнтамі NaviBand у нацыянальным адборы на “Еўрабачанне”. Але ў гэты вечар ніякіх спаборніцтваў. Толькі пажаданні поспехаў.

На беларускую еўрапаці завітаў нават вядомы ўкраінскі экстрасэнс Якаў Шнэерсан. З дапамогай карт спрабаваў прадбачыць вынікі паўфіналу шоу.

Падбадзёрвалі не толькі словам, але і песняй. Зорныя госці выконвалі еўравізійныя хіты.

Дарэчы, беларуская дэлегацыя ў Кіеве слухала словы падтрымкі анлайн. Вечарынка транслявалася ў рэжыме рэальнага часу ў Інтэрнэце.

Пасля танцаў госці занялі месцы ля экранаў тэлевізараў. Асаблівае трапятанне пасля аб'явы нумара чатырнаццаць. На кіеўскай сцэне – група NaviBand. У іх выкананні беларуская мова ўпершыню гучыць на “Еўрабачанні”.

Еўропа прагаласавала за “Гісторыю майго жыцця”. NaviBand у фінале.

Разам з нашай краінай у выніковы этап прайшлі Балгарыя, Харватыя, Венгрыя, Данія, Ізраіль, Румынія, Нарвегія, Нідэрланды, Аўстрыя. Беларуская мова зноў разальецца ў міжнародным эфіры заўтра – у дзень фіналу 62-га “Еўрабачання”.