Факультэт эстрады пры Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў святкуе юбілей

21 апреля 2016

10 гадоў тут выхоўваюць папулярных выканаўцаў, кампазітараў, артыстаў і педагогаў. Факультэт эстрады пры Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў сёлета святкуе юбілей. На ўрачысты канцэрт былі запрошаныя знакамітыя выпускнікі, былыя выкладчыкі, якімі і сёння ганарыцца альма-матар. Пра эстрадны вечар на "дзясятку" раскажа Аляксандра Драгун.

Словы, музыка і выкананне Рамана Волазнева. Таленавіты юнак пакуль студэнт каледжа мастацтваў, але яго творамі і музычнымі аранжыроўкамі сур'ёзна цікавяцца кампазітары. Развіваць здольнасці маладому чалавеку дапамагаюць тут, на факультэце эстрады.

Толькі музычнага слыху і чыстага голасу не хопіць, каб стаць студэнтам факультэта эстрады. На ўступны іспыт трэба падрыхтаваць чатыры творы. Прычым адзін з іх выконваецца а капэла, другі – на беларускай мове.

Юрый Ляйко, дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў: "У на вельмі высокі конкурс пры паступленні на гэтую спецыялізацыю - 4-5 чалавек на месца. Дастаткова сказаць, што ўсе Гран-пры апошніх гадоў на конкурсе песні і паэзіі ў Маладзечне ў нашых выпускнікоў".

Пры каледжы эстрадным мастацтвам займаюцца дзеці. У студыі з будучымі артыстамі працуюць як настаўнікі, так і студэнты, якія практыкуюцца быць выкладчыкамі эстраднай навукі.

Тры гадзіны на тыдзень студэнты займаюцца вакалам.

У раскладзе – сцэнічная мова, майстэрства акцёра, гармонія, сальфеджыа, тэорыя музыкі. Сесію здаюць таксама з песнямі. Спяваюць сольна, дуэтам ці квартэтам.

Алена Атрашкевіч, старшыня камісіі эстрадных спеваў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў: "У далейшым дастаткова паспяхова спалучаюць вакальную кар'еру з педагагічнай дзейнасцю. Яны падрыхтаваныя, каб спяваць і працаваць у якасці бэк-вакалістаў. Ёсць юнакі і дзяўчаты, якія арганізуюць свае гурты. Ёсць тыя, хто становіцца цікавымі кіраўнікамі".

Два гады таму Таццяна Валаховіч змяніла статус студэнткі на педагога. Кіруе эстраднай студыяй у Дзяржынскім раёне. Да юбілею роднага факультэта падрыхтавала спецыяльны рэпертуар.

За 10 гадоў існавання факультэта 100 яго выпускнікоў сталі прафесійнымі спевакамі, артыстамі, кампазітарамі, выкладчыкамі музыкі. Сёння на адной сцэне былыя вучні і студэнты разам ладзяць юбілейны канцэрт у гонар каледжа, які даў ім пуцёўку у свет эстрады.

Музыка Уладзіміра Мулявіна і Алены Атрашкевіч, папуры з песень Уітні Х'юстан і творы Земфіры. Амаль тры дзясяткі нумароў упрыгожылі святочны вечар.

Наперадзе ў студэнтаў эстраднага факультэта міжнародныя і рэспубліканскія конкурсы. Там абавязкова прагучаць новыя імёны таленавітых выканаўцаў.