Штогадовая акцыя "Ноч музеяў" сёння пройдзе па ўсёй краіне

19 мая 2018

Беларусы рыхтуюцца да культурнай бессані. Штогадовая акцыя "Ноч музеяў" сёння пройдзе па ўсёй краіне - у раёнах і абласных цэнтрах. Музеі, галерэі і арт-прасторы расчыняць свае дзверы не па раскладзе.

У Мінску маштабную праграму для наведвальнікаў рыхтуе Нацыянальны мастацкі музей. Арганізатары анансуюць выхад за межы карціннай плоскасці. Такога эфекту дамогуцца з дапамогай святла і гуку. Нацыянальны гістарычны пашырыць культурную зону да арт-панадворка, дзе пройдуць канцэрты. Альтэрнатыўную і самую працяглую праграму да 6 раніцы прапаноўваюць індустрыяльна-андэграўндная прастора на Кастрычніцкай, 16 і Музей Азгура. Дарэчы, арт-бессань у сталіцы, як ні дзіўна, адна з самых бюджэтных.

А вось у Нясвіжы начное дбанне абыдзецца гасцям у некалькі разоў даражэй. Там суткі без сну пачаліся яшчэ з раніцы. Такім чынам, з 10 і да 17 гадзін у замку Радзівілаў можна бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй рэзідэнцыі магнацкага роду і яго насельнікаў.

А з 18 гадзін на замкавых валах стартуе эксклюзіўная музейная музычная праграма. Кульмінацыяй вечара стане жывое выступленне беларускай рок-групы "J:МОРС" і яркі феерверк.