Еўрабачанне набліжаецца да кульмінацыі

17 мая 2013

Сёння ўначы пасля заканчэння другога паўфіналу стаў вядомы ўвесь склад, усе 26 удзельнікаў вялікага суботняга шоу. А ўжо раніцай арганізатары назвалі нумары, пад якімі выступяць заўтрашнія канкурсанты. Усе нашы надзеі на тое, што лічба 8 для Беларусі апынецца шчаслівай, пад гэтым нумарам Алёна Ланская выйдзе на сцэну. Сёння ж прайшлі дзве рэпетыцыі выступленняў канкурсантаў, заўтра яшчэ адна - і  фінал! Прамую трансляцыю шоу ў 22:00 пакажуць тэлеканалы Беларусь1 і Беларусь 24. Са Швецыі эксклюзіўныя падрабязнасці ў нашых карэспандэнтаў.


Расказвае Юрый Ярошык.

Еўрабачанне нездарма параўноўваюць з Алімпійскімі гульнямі. Зараз адрозненняў стала яшчэ менш. Наперадзе прадстаўніка кожнай краіны неслі яе сцяг, а пазней на сцэне сабраліся разам сімвалы ўсіх дзяржаў-удзельніц, сцвярджаючы слоган Еўрабачання-2013: Мы адзіныя!.

Падчас фіналу ў зале будуць працаваць 24 камеры, 20 у арэне і 4 у грынрум. 40 чалавек здымачнай групы і 200 валанцёраў. Правядзенне конкурсу каштавала тэлекампаніі SVT 15 млн. еўра, гораду - 3,1 млн. еўра. Гэта больш танна, чым у Баку, Дзюсельдорфе або Осла. Але гэта не значыць, што шоу атрымаецца менш яркім. Сцэну спраектавалі шведскія дызайнеры. Са столі перад пачаткам нумароў спускаюцца розныя ліхтары і святлавыя дыёды. Вялізная колькасць святлатэхнікі і праекцыйных экранаў працуе падчас выступленняў.

Самым модным піратэхнічным эфектам сёлета стаў вогненны дождж. Звычайна яго выкарыстоўваюць у фінале шоу падчас выканання песні пераможца. Выклікаць адпаведную асацыяцыю жадаюць Данія, Грузія і Германія, і Швецыя. Другой па папулярнасці фішкай стала спадніца, якая паднімаецца.  Аксэсуар прымерыла ў пачатку прадстаўніца Алёна Мун з Малдовы, а затым і chezAr з Румыніі. Але на рэпетыцыю румын выйшаў усё-такі ў штанах. У кілтах выступіла і каманда з Грэцыі. Прадстаўніцу Украіны вынеслі на рэпетыцыю ў хатнім адзенні. Волат Ігар ужо вырываў у Златы з вуха навушнік, рваў туфлі, таму сукенку вырашылі зберагчы для фіналу.

Кожны год на Еўрабачанні выступаюць удзельнікі, якія спрабуюць паўтарыць нумар пераможцы мінулага года. Артысты з Галандыі і Ісландыі з'явіліся на сцэне без бэк-вакалістаў. Але яны ўсё-такі ёсць за сцэнай.

Адным з самых стыльных нумароў прызнана выступленне азербайджанца Фарыда. Пастаноўкай займаўся вядомы рэжысёр Фокас Евангелінас, які адказваў за шоу Дзімы Білана, Ані Лорак і Дзмітрыя Калдуна на Еўрабачанні. Самае касцюмаванае выступленне ў Маргарэт Бергер з Фінляндыі. Салістка выступіць у вясельнай сукенцы з бэк-вакалісткамі ў стылі пін-ап і танцорамі, якія ў канцы нумара аказваюцца танцоркамі.

У суботу ў Мальмё-Арэне выступяць і ўжо знаёмыя асобы - гэта Боні Тайлер з Вялікабрытаніі і Каскада з Германіі, для якіх Еўрабачанне - спосаб прамаціравання новых альбомаў. Прадстаўнік Швецыі сёлета ўжо зорка. Ён выйграў папулярны ў Швецыі конкурс песні. Заўтра ён выступіць за гонар краіны.

А вось пераможца нашага Славянскага базару Алёна Ланская выйдзе на сцэну восьмай. Парадак выступлення стаў вядомы сёння ўначы. Яе выступленне па-ранейшаму прыцягвае ўвагу журналістаў. Рэпетыцыя прайшла не толькі без сцэнічных гарнітураў, але і макіяжу. А вядучая Петра Медзе і зусім выйшла ў бігудзі.

Адразу ж пасля Панарамы музычнае журы краін - удзельніц Еўрабачання убачыць фінальнае шоу і паставіць свае балы. Заўтра іх дададуць да галасоў гледачоў. І мы даведаемся самую папулярную песню Еўропы. Хварэем за Беларусь!