"Еўрабачанне-2019". ЗЕНА з песняй "Like it" пад восьмым нумарам

14 мая 2019
Строгае судзейства ўжо сёння чакае ўдзельнікаў песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2019". Да першага паўфіналу застаецца менш за гадзіну. Нашу краіну на прэстыжным шоу прадстаўляе спявачка ЗЕНА з песняй "Like it". Конкурс у прамым эфіры пакажуць "Беларусь 1", "Беларусь 24" і сайт Белтэлерадыёкампаніі. Пачатак у 22:00 з Тэль-Авіва.

Расказвае Яўген Перлін (Тэль-Авіў, прамое ўключэнне).

Зараз у Тэль-Авіве плюс 25.  Але ў арэне холадна. Такое моцнае кандыцыянаванне зроблена для камфорту гледачоў. Унутры будзе не так шмат балельшчыкаў - усяго 7 200.

Калі ўспомніць мінскае дзіцячае "Еўрабачанне",  то ў Тэль-Авіве  гледачоў у зале ўдвая менш, чым было ў нас. Фанатаў конкурсу сустракае вялікі банер - Welcome dreamers ("Сардэчна запрашаем, летуценнікі!") Па-першае, ізраільцяне сапраўды доўгія гады марылі прывезці сюды конкурс. Па-другое, слоган  сёлетняга шоу - Dare to dream  ("Мар смялей!").

Хто не саромеецца марыць, дык гэта вытворцы афіцыйнай прома-прадукцыі. Магніт - 10 рублёў, майка з лагатыпам - каля 60. Дорага, але такія цэны на "Еўрабачанні" кожны год. 

І калі "Еўрабачанне" - гэта вялікая музычная любоў, то сапраўдны нацыянальны спорт у Ізраілі - гэта ежа. Людзі ядуць фалафель, шаўрму. Арганізатары зробяць усё магчымае, каб шоу атрымалася відовішчным. Да выхаду артыстаў на сцэну застаецца менш чым паўгадзіны. Зараз я папрашу  паказаць кадры з дэлегейшн-бабл - той пляцоўкі, дзе знаходзяцца персанальныя грымёркі артыстаў. ЗЕНА сёння ўжо не згаджаецца на інтэрв'ю - трэба настроіцца на выступленне. Прадстаўніца Беларусі выйдзе на сцэну пад восьмым нумарам. 

Раскрыю адзін з сакрэтаў шоу: адкрые першы паўфінал Нета з новай версіяй хіта "Тoy". Сёння ж прадзюсары ўспомняць і мінскае "Еўрабачанне". Але ўсё ўбачыце самі.  Прапаную пасля "Панарамы" не пераключацца і ўсім разам сёння ў 22:00 глядзець першы паўфінал з удзелам ЗЕНА, хварэць за нашу краіну і, вядома, галасаваць за фіналістаў!