Яшчэ адзін духоўны аб'ект з'явіўся карце Беларусі

31 июля 2017

На старых могілках у Лаўрышаве валанцёры праваслаўнай гісторыка-пошукавай экспедыцыі знайшлі падмуркі старажытнай капліцы. Сакральны будынак належыць аднаму з найстаражытных праваслаўных цэнтраў нашай зямлі - Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру. Зараз рыхтуюць дакументы, каб прызнаць знаходку помнікам гісторыі. Алена Борматава - аб духоўных вытоках Беларусі.

Абрысы сакральнага будынка - вялікія валуны на вапнавым растворы без дабаўлення цэглы. Узводзілі ў час, калі ў наваколлі не было цагляных заводаў, і гэта быў недаступны матэрыял. 16 стагоддзе. Больш дакладна можна будзе сказаць пасля навуковых даследаванняў.

Экспедыцыя гэтага года была пад пагрозай зрыву. Справа ў тым, што літаральна за некалькі дзён да старту археалагічных раскопак не стала навуковага кіраўніка Сяргея Рассадзіна, а менавіта на яго імя ў Акадэміі навук Беларусі быў выдадзены дазвол. Часу на атрыманне новага дакумента не было. Каманда сабрана і, каб не прапускаць сезон, стварылі праваслаўны валанцёрскі гісторыка-пошукавы лагер пры манастыры. Вядома, гаворка пра раскопкі не вялася, і сталі праводзіць работы па ачыстцы старых манастырскіх могілак.

Лаўрышава – гэта манастырскае сяло. Праваслаўны цэнтр тут з'явіўся ў 13-ым стагоддзі, а потым вакол духоўнага прытулку сталі сяліцца людзі. Такім чынам, манастырскія могілкі пераўтварыліся ў сельскія. На след капліцы навялі старажытныя магілы.

Яшчэ летась пра манастырскую царкву было нічога не вядома. Толькі рэдкія мясцовыя жыхары ўзгадвалі пра капліцу на могілках. Нават месца гэта не займалі пад пахаванні. Версія пацвердзілася сёлета падчас навуковай працы ў гістарычным архіве ва Львове. Таму і сталі шукаць на заросшым кавалку зямлі старажытныя падмуркі.

Манастырскі інвентар 1802 года, знойдзены ў Львове, адзіны на сёння дакумент, дзе яшчэ ўзгадваецца знакамітае Лаўрышаўскае Евангелле ў складзе манастрыскай бібліятэкі. А значыць, напачатку 19-га стагоддзя сакральны кніжны помнік быў на Беларусі.

Ля падмурка старажытнай капліцы ўстановяць знак помніка гісторыі, зараз як раз рыхтуюцца адпаведныя дакументы. Манастыр збіраецца праводзіць тут царкоўныя службы. А на наступны сезон экспедыцыя плануе аднавіць археалагічныя раскопкі на тэрыторыі царквы ў Лаўрышаве.